Ансамбль “Фіялкі” атрымаў званне “ўзорны”

Узорны ансамбль “Фіялкі”.

У гісторыі ансамбля “Фіялкі” Рудзенскай дзіцячай школы мастацтваў 2019 год ужо заняў адметнае месца: калектыў атрымаў званне “ўзорны”.

Усё пачалося ў 2005 годзе. Вучні, якія займаліся па класе цымбал, аб’ядналіся ў творчы калектыў. Паколькі большасць яго заўсёды складалі дзяўчынкі, назву яму прыдумалі адпаведную  — “Фіялкі”.  Першыя ўдзельнікі ансамбля былі па-сапраўднаму ўлюбёнымі ў цымбалы — інструмент з неверагоднымі магчыма-сцямі і багатай гісторыяй. І так адбываецца ўжо на працягу чатырнаццаці гадоў:  усе, хто прыходзіць у калектыў, з вялікай павагай адносяцца да інструмента, імкнуцца дасканала авалодаць выканаўчай тэхнікай.

Цымбалы заслугоўваюць павагу. Іх гісторыя пачынаецца яшчэ ў старажытнай Месапатаміі. Прайшоўшы доўгі шлях, інструмент з’явіўся ў Заходняй Еўропе, а ў XV  стагоддзі — на тэрыторыі Беларусі.  Музыканты ацанілі  не толькі самастойнае гучанне цымбалаў, якія былі прыгоднымі для выканання самай разнастайнай музыкі, але і тое, як яны “працуюць” у ансамблі з другімі інструментамі.  У XVIII стагоддзі кампазітары пачалі ўводзіць цымбалы ў партытуру оперных спектакляў. На працягу часу інструмент пастаянна мадэрнізаваўся. Так у 1925 годзе было створана цэлае сямейства цымбалаў: пікала, прыма, альт, бас і кантрабас.  На нашай тэрыторыі цымбалы хутка заваявалі народную любоў. І паступова сталі адным з сімвалаў Беларусі. Таму ігра на гэтым інструменце — справа адказная.

Гэта добра ведаюць удзельнікі ансамбля цымбалістаў “Фіялкі”. Іх агульныя рысы  —  працаздольнасць і імкненне асвоіць нават вельмі складаныя творы. У скарбонцы нашага калектыву класіка, народная музыка і музыка сучасных кампазітараў. Я імкнуся так падбіраць рэпертуар, каб ён прыносіў асалоду і выканаўцам, і слухачам.

У рудзенскай зоне добра ведаюць наш калектыў, нярэдка за-прашаюць прыняць удзел у разнастайных святочных канцэртах.  Удзельнічаем мы і ў конкурсах самага рознага ўзроўню. Назваць іх можна шмат: арт-фестываль  “Чорная жамчужына”, адкрыты конкурс маладых выканаўцаў “Мая мара”, конкурс “Беларускія таленты”, міжнародны фестываль-конкурс “Паверхі”, фестываль мастацтваў  “BYFEST” і іншыя. Ансамбль выступаў на конкурсных сцэнах  Расіі, Польшчы, Чэхіі.  І даволі паспяхова. За апошнія гады калектыў сабраў унушальную калекцыю ўзнагарод, у якой ёсць дыпломы лаўрэатаў усіх ступеняў, Гран-пры некаторых конкурсаў.

Сёння ўдзельнікамі калектыву “Фіялкі” з’яўляюцца Ульяна Лабецкая, Карына Калугіна, Аляксандра Пашына, Аляксандра Ляпіч, Дар’я Дабрадзей, Яна Храмая, Дар’я Прыёмка, Вячаслаў Косак, Іван Храмы. Усе яны здольныя і мэтанакіраваныя. Ім цікава рухацца наперад. Яны добра ўсведамляюць, што з’яўляюцца членамі адзінага ў раёне дзіцячага інструментальнага ансамбля, які  мае ганаровае званне “ўзорны”, і гатовы трымаць гэтую высокую планку.

Лілія  ФУРС,

кіраўнік  ансамбля цымбалістаў  “Фіялкі”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *