Больш як  паўстагоддзя на дваіх працуюць у сферы ЖКГ

У канцы лета ў нашага камунальнага прадпрыемства юбілей: як юрыдычная асоба яно дзейнічае з 25 жніўня 1948 года.  Роўна сем дзесяцігоддзяў прайшло з таго моманту, калі было ўтворана домакіраўніцтва, пабудаваны лазня і гасцініца.  Такім сціплым быў падмурак прадпрыемства, створанага, каб рабіць жыццё гараджан больш камфортным.

Развіваўся горад — развівалася паступова і яго камунальная гаспадарка.  Рос калектыў, у якім цяпер працуе больш за 1200 чалавек.  І сярод іх, трэба сказаць, заўсёды былі працоўныя дынастыі.

— Не адзін дзясятак гадоў аддалі працы ў сферы камунальнай гаспадаркі сем’і Вашурыных-Коршунаў (пяць чалавек працуе на прадпрыемстве), Нярэціных, Петрык, Патук, Зянько, Мотуз (4 чалавекі), Корзун (6 чалавек), — расказвае старшыня прафсаюзнага камітэта УП “Жылцепласэрвіс” КГ Наталля Калясенка. — Сярод сямейных дынастый і сям’я галоўнага энергетыка Мікалая Шыманца, які прыйшоў у ЖКГ 30 гадоў таму.  Усяго праз два гады ўладкавалася на  працу і яго жонка Наталля.  На дваіх яны больш як  паўстагоддзя аддалі роднаму прадпрыемству.

— Былі розныя часы, у тым ліку і цяжкія, але мяняць месца работы мы ніколі не імкнуліся.  Напэўна, абодва любім стабільнасць, —  кажа Наталля Шыманец, інжынер па падрыхтоўцы кадраў УП “Жылцепласэрвіс” КГ.

А Мікалай Мікалаевіч прызнаецца, што проста любіць сваю працу, таму што яна дае магчымасць бачыць яе рэальны вынік.  Заўсёды прыемна, калі робіш нешта для таго, каб павысіць якасць жыцця людзей.

Алена ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *