Ці дапаможа сланечнік павялічыць надоі? Эксперымент ААТ «Агра-Абярэг»

Дырэктар ААТ «Агра-Абярэг» Пётр Казак і начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Марыя Клімовіч.

У ААТ “Агра-Абярэг”  сёлета можна ўбачыць бадай што самае незвычайнае поле ў нашым раёне. Разам з кукурузай расце сланечнік. У сонечны дзень можна назіраць вельмі прыгожую карціну, але не дзеля прыгажосці гэтыя расліны суседнічаюць паміж сабой. Галоўная мэта гэтага эксперыменту — павялічыць вытворчыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі.

—З кукурузы і сланечніка атрымліваецца высокапажыўны бялковы корм, — расказвае вядучы аграном гаспадаркі Раіса Есімчык. — Пра такую тэхналогію  мы прачыталі ў газеце,  яе не адзін год практыкуюць у адной з гаспадарак Гродзенскага раёна. Па словах калег, надоі ў сельгаспрадпрыемстве  павялічыліся да 10 тысяч літраў малака ад каровы. Спадзяемся, такія вынікі будуць і у нас.

Пад эксперымент адвялі 60 гектараў. Спецыяльна для гэтага падабралі ранняспелы гібрыд кукурузы і закупілі насенне сланечніка. Сяўбу праводзіў вопытны механізатар Мікалай Паўлоўскі.

Аднак хутка са сваімі прыгожымі раслінамі гаспадарцы прыйдзецца развітацца. Палі ўбіраюць, арыентуючыся на сланечнікі:  калі яны апусцяць галоўкі, можна пачынаць нарыхтоўку кармоў. Гэтым і будзе займацца ў бліжэйшыя дні  Федар Хадыка.

Такога высокапажыўнага корму ў гаспадарцы плануюць закласці 1800-2000 тон.  Калі эксперымент сябе апраўдае, кукурузна-сланечнікавыя палі стануць візітоўнай карткай гаспадаркі.

Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *