Да юбілею Міхася Чарота…
Дар, небяспечны для жыцця. Імпрэза з такой назвай прайшла ў цэнтральнай раённай бібліятэцы да юбілею Міхася Чарота.
Згарэць ў рэвалюцыйным горане… Гэта, мабыць, і пра нашага земляка, ураджэнца Рудзенска — паэта і драматурга Міхася Чарота, 125-годдзе з дня нараджэння якога мы адзначаем у гэтыя дні.
Ён жыў у па-сапраўднаму бурны час. У дзень, калі ў Расіі адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, яму споўніўся 21 год. І малады чалавек прыняў рэвалюцыйныя ідэі, служыў ім. Але жыццё сваё ён скончыў як на эшафоце: быў расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года разам з сотняй прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Такі вось лёс…
Але спачатку гэты самы лёс шчодра адарыў хлопца з Рудзенска: была ў яго і знешняя прыгажосць, і прыцягваючая людзей харызма, і талент літаратара. Аб гэтым мы размаўлялі з супрацоўнікам цэнтральнай раённай бібліятэкі Таццянай Александровіч, якая на мінулым тыдні асобе паэта прысвяціла шмат часу: разам са сваімі калегамі рыхтавала і кніжную выставу, з якой можна пазнаёміцца ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі, і імпрэзу, прысвечаную жыццю і творчасці паэта.
Размову пачалі з вытокаў. Тут хачу зрабіць невялікае адступленне. Некалі нам у савецкай школе на ўроках гісторыі расказвалі пра тое, што напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі беларускае сялянства было беднае, неадукаванае і бяспраўнае. Так лягчэй было растлумачыць прычыны, якія прывялі да рэвалюцыі. Яшчэ ў школьныя гады я перастала згаджацца з такім сцвярджэннем: знайшліся падставы. І ўжо доўгія часы збіраю факты, якія абвяргаюць той пастулат. Вось і ў біяграфіі паэта яны знайшліся. Так, Міхась Кудзелька (Чарот — псеўданім) нарадзіўся ў небагатай сялянскай сям’і, дзе выхоўвалася чацвёра дзяцей. І (увага!) яго бацькі змаглі даць усім адукацыю. Міхась, дарэчы, скончыў цітвянскае народнае вучылішча, паступіў у маладзечанскую семінарыю, дзе і пачаў пісаць вершы.
Падчас Першай сусветнай вайны служыў у арміі ў афіцэрскім чыне. Усё гэта азначае, што былі ў царскай Расіі пачатку ХХ стагоддзя жыццёвыя перспектывы і ў сялянскай моладзі. Але многія яе прадстаўнікі выбіралі рэвалюцыю… І Міхась Чарот не выключэнне.
І, трэба прызнаць, паэт знайшоў сваё месца ў новым жыцці… Вось толькі некаторыя факты з яго прафесійнай біяграфіі. З 1920 года ён супрацоўнік, у 1925-1929 гадах — рэдактар газеты “Савецкая Беларусь”. У 1923 годзе прыняў удзел у стварэнні літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, меў членскі білет № 1. У 1924 годзе вучыўся ў Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі. У 1930-х працаваў загадчыкам літаратурнага сектара дзяржаўнага выдавецтва БССР.
А вось далей наша размова з Таццянай Юр’еўнай пайшла пра жыццё паэта творчае і асабістае. Трэба прызнаць, было і яно даволі насычаным.
— Чарот выдаў цэлы шэраг паэтычных зборнікаў, — нагадала Таццяна Юр’еўна. — І напісаў некалькі п’ес. Адну з іх — “Мікітаў лапаць” — дакладна многія добра ведаюць, бо яна шмат гадоў ішла на сцэне Купалаўскага тэатра. Міхась Чарот лічыцца аўтарам тэксту знакамітай беларускай песні “Купалінка”. Калі дакладней, ён перапрацаваў народныя словы. А музыку да гэтага твора напісаў кампазітар Уладзімір Цераўскі, які адзін час кіраваў хорам, у якім выступаў і паэт.
Творчасць Міхася Чарота была звязана і з кінематографам. Дарэчы, кіно, мабыць, зламала яго асабістае жыццё. Па яго п’есе “Свінапас” Юрый Тарыч зняў фільм “Лясная быль”, у якім адну з роляў выконвала першая жонка Чарота — актрыса Ганна Савіч. У 1929 годзе пачаліся здымкі фільма “Хвоі гамоняць” па сцэнарыі яшчэ аднаго знакамітага беларускага літаратара таго часу — Анатоля Вольнага, які, дарэчы, даволі часта бываў у доме Міхася Чарота. Роля дачкі графа, закаханай у маладога паўстанца, у карціне дасталася Ганне Савіч. Пасля таго, як фільм быў зняты, Ганна пакінула Чарота і звязала сваё жыццё з Вольным.
Лёс склаўся так, што сябры-сапернікі разам і загінулі: іх расстралялі ў адну ноч. Трэба дадаць, што калі пачаліся рэпрэсіі, Чарот іх падтрымаў. А пасля гэтыя жорны зацягнулі і яго.
Загінула ў лагеры і другая жонка Чарота. Лёс іх дзяцей невядомы. А самы апошні верш паэта, “Прысяга”, быў знойдзены ў турэмнай камеры, дзе ён чакаў свайго прысуду.
Чарот быў прыгожым, таленавітым, актыўным. І ўсё гэта з прыстаўкай “вельмі” для таго часу. Яго дар аказаўся небяспечным для жыцця. Дарэчы, менавіта так назвалі імпрэзу, якую да юбілею паэта правялі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы.
Юбілейныя мерапрыемствы прайшлі і на радзіме паэта ў гарадскім пасёлку Рудзенск, дзе яго імя носяць гарадская бібліятэка і адна з вуліц.
Наталля ПАРХОМЧЫК.