Дабрыня і міласэрнасць здольны тварыць цуд — работнікі псіханеўралагічнага дома-інтэрната дапамагаюць людзям з няпростым лёсам

Медсястра Алена Пінчук.

Пра тое, што дабрыня і міласэрнасць здольны тварыць цуд, работнікі ДУ «Пухавіцкі псіханеўралагічны домінтэрнат для састарэлых і інвалідаў» ведаюць як ніхто іншы, таму што кожны дзень яны ідуць з дапамогай, дабром і спачуваннем да людзей, якім заўсёды патрэбна дапамога і падтрымкаІ за гэта дабро атрымліваюць аддачу: няўдзячнымі пражываючых домаінтэрната ніяк не назавешСловы «дзякуй» у гэтых сценах гучаць часцей, чым «добры дзень» ці «вітаю» …

— Мы з’яўляемся ўстановай сацыяльнага абслугоўвання сістэмы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, — кажа дырэктар дома-інтэрната Уладзімір Рымашэўскі. — Сваю дзейнасць ажыццяўляем у форме стацыянарнага сацыяльнага абслугоўвання грамадзян, якія маюць патрэбу ў медыцынскай і сацыяльнай дапамозе.  Нашым пражываючым у адпаведнасці з заканадаўствам прадастаўляюцца спецыяльныя жылыя памяшканнi для пастаяннага або часовага размяшчэння.  Арганізуе побыт і абслугоўванне штат з ліку медыцынскіх, сацыяльных работнікаў, тэхнічны персанал.

Многія працуюць тут дзясяткі гадоў, застаючыся вернымі абранаму аднойчы шляху.  Таму самых добрых слоў у свой адрас заслугоўваюць старшая медсястра Ірына Свішчова, медсястра-дыетолаг Святлана Цішкевіч, фельчар Надзея Габрыелян, медсёстры Алена Пінчук, Ірына Жоравень, Таццяна Белавусава, Галіна Буцько, Надзея Ваньковіч, Валянціна Карнейчык.  І многія іншыя нашы работнікі…

Медсестры Валянціна Кліменьева, Святлана Ярашэвіч, Ірына Сафонава.

Дзякуючы сумеснай працы для людзей, што пражываюць у доме-інтэрнаце, арганізавана не толькі медыцынскае абслугоўванне, але і цэлы комплекс іншых рэабілітацыйных мерапрыемстваў.  Тут функцыянуюць рэабілітацыйна-працоўныя майстэрні, працуюць гурткі і клубы аматараў кнігі, кіно, майстэрні па бісерапляценні, вязанні, кулінарыі, па кройцы і шыццю і іншыя.

Звычайна  ў доме-інтэрнаце грамадскае жыццё літаральна «кіпіць».  Але гэты год і для нашага дома-інтэрната, і для ўсіх такіх устаноў краіны і свету склаўся зусім не па правілах.  Каранавірус унёс сур’ёзныя змены ў жыццё калектыву і пражываючых.  Ніхто не хавае той факт, што цяжкасцяў хапае.  Але жыццё не спыняецца…

— Пражываючых дома-інтэрната па многіх прычынах немагчыма ізаляваць у пакоях, патлумачыўшы, што цяпер паўсюль такія патрабаванні, — кажа культарганізатар Наталля Гаснікава. — Людзей неабходна чымсьці пастаянна займаць.  Таму дзейнасць перайшла на арганізацыю работы ў малых групах.  Праводзім літаратурныя гасцёўні, музычныя вечарыны, шашачныя турніры.  Малюем.  Дарэчы, малюнкі нашых пражываючых Крысціны Маляроўскай і Дзмітрыя Стульбы былі размешчаны на выставе ў Міністэрстве працы.

Культарганізатар Наталля Гаснікава (злева) і жыхары дома-інтэрната.

Таксама арганізуем работу на паветры.  Зараз, напрыклад, рыхтуем да зімоўкі шматлікія расліны, якія ўпрыгожваюць нашу тэрыторыю.

У гэты няпросты час дом-інтэрнат працуе ў максімальна закрытым рэжыме.  Але не адкрыць дзверы тым, хто жадае дапамагчы, нельга.

— Увесну дабрачынную дапамогу нам аказвалі ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», ААТ «Мінскі мясакамбінат», кампанія «Дарыда», некаторыя грамадскія арганізацыі, — расказвае Уладзімір Рымашэўскі.— Дапамагалі прадуктамі, а таксама набыццём бескантактных тэрмометраў, пульсаксіметраў.  Нядаўна свае намеры дапамагчы зноў агучыў калектыў «Дарыды».  Мы ўдзячны ўсім, хто застаецца неабыякавым да чалавечых праблем, да людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе не аднойчы, а пастаянна.  Дзякуй за добрыя сэрцы і спагаду!

Алена ІВАНОВА.

 

У кулінарнай гасцёўні на Дзень маці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *