Дабрыня і міласэрнасць здольны тварыць цуд — работнікі псіханеўралагічнага дома-інтэрната дапамагаюць людзям з няпростым лёсам
Пра тое, што дабрыня і міласэрнасць здольны тварыць цуд, работнікі ДУ «Пухавіцкі псіханеўралагічны дом—інтэрнат для састарэлых і інвалідаў» ведаюць як ніхто іншы, таму што кожны дзень яны ідуць з дапамогай, дабром і спачуваннем да людзей, якім заўсёды патрэбна дапамога і падтрымка. І за гэта дабро атрымліваюць аддачу: няўдзячнымі пражываючых дома—інтэрната ніяк не назавеш. Словы «дзякуй» у гэтых сценах гучаць часцей, чым «добры дзень» ці «вітаю» …
— Мы з’яўляемся ўстановай сацыяльнага абслугоўвання сістэмы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, — кажа дырэктар дома-інтэрната Уладзімір Рымашэўскі. — Сваю дзейнасць ажыццяўляем у форме стацыянарнага сацыяльнага абслугоўвання грамадзян, якія маюць патрэбу ў медыцынскай і сацыяльнай дапамозе. Нашым пражываючым у адпаведнасці з заканадаўствам прадастаўляюцца спецыяльныя жылыя памяшканнi для пастаяннага або часовага размяшчэння. Арганізуе побыт і абслугоўванне штат з ліку медыцынскіх, сацыяльных работнікаў, тэхнічны персанал.
Многія працуюць тут дзясяткі гадоў, застаючыся вернымі абранаму аднойчы шляху. Таму самых добрых слоў у свой адрас заслугоўваюць старшая медсястра Ірына Свішчова, медсястра-дыетолаг Святлана Цішкевіч, фельчар Надзея Габрыелян, медсёстры Алена Пінчук, Ірына Жоравень, Таццяна Белавусава, Галіна Буцько, Надзея Ваньковіч, Валянціна Карнейчык. І многія іншыя нашы работнікі…
Дзякуючы сумеснай працы для людзей, што пражываюць у доме-інтэрнаце, арганізавана не толькі медыцынскае абслугоўванне, але і цэлы комплекс іншых рэабілітацыйных мерапрыемстваў. Тут функцыянуюць рэабілітацыйна-працоўныя майстэрні, працуюць гурткі і клубы аматараў кнігі, кіно, майстэрні па бісерапляценні, вязанні, кулінарыі, па кройцы і шыццю і іншыя.
Звычайна ў доме-інтэрнаце грамадскае жыццё літаральна «кіпіць». Але гэты год і для нашага дома-інтэрната, і для ўсіх такіх устаноў краіны і свету склаўся зусім не па правілах. Каранавірус унёс сур’ёзныя змены ў жыццё калектыву і пражываючых. Ніхто не хавае той факт, што цяжкасцяў хапае. Але жыццё не спыняецца…
— Пражываючых дома-інтэрната па многіх прычынах немагчыма ізаляваць у пакоях, патлумачыўшы, што цяпер паўсюль такія патрабаванні, — кажа культарганізатар Наталля Гаснікава. — Людзей неабходна чымсьці пастаянна займаць. Таму дзейнасць перайшла на арганізацыю работы ў малых групах. Праводзім літаратурныя гасцёўні, музычныя вечарыны, шашачныя турніры. Малюем. Дарэчы, малюнкі нашых пражываючых Крысціны Маляроўскай і Дзмітрыя Стульбы былі размешчаны на выставе ў Міністэрстве працы.
Таксама арганізуем работу на паветры. Зараз, напрыклад, рыхтуем да зімоўкі шматлікія расліны, якія ўпрыгожваюць нашу тэрыторыю.
У гэты няпросты час дом-інтэрнат працуе ў максімальна закрытым рэжыме. Але не адкрыць дзверы тым, хто жадае дапамагчы, нельга.
— Увесну дабрачынную дапамогу нам аказвалі ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», ААТ «Мінскі мясакамбінат», кампанія «Дарыда», некаторыя грамадскія арганізацыі, — расказвае Уладзімір Рымашэўскі.— Дапамагалі прадуктамі, а таксама набыццём бескантактных тэрмометраў, пульсаксіметраў. Нядаўна свае намеры дапамагчы зноў агучыў калектыў «Дарыды». Мы ўдзячны ўсім, хто застаецца неабыякавым да чалавечых праблем, да людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе не аднойчы, а пастаянна. Дзякуй за добрыя сэрцы і спагаду!
Алена ІВАНОВА.