Дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў дапамагае вырашаць надзённыя праблемы сваім аднавяскоўцам

У вёсцы Галенберг янажыве амаль паўстагоддзя. Калісьці сваю маладую жонку Таццяну прывёз у бацькоўскую хату Уладзімір Шамко. Свякроў прыняла нявестку з адкрытай душой. Ды і Таццяна вельмі хутка адчула сябе і ў новай сям’і, і ў вёсцы сваім чалавекам. Сёння Таццяна Пятроўна — дэпутат Дукорскага сельскага Савета дэпутатаў і з задавальненнем выконвае яшчэ адну грамадскую работу: яна старэйшына вёскі.

Таццяна Пятроўна Шамко.

— Мы пазнаёміліся  з  мужам у  1975  годзе, — расказвае Таццяна Пятроўна. — Я родам з вёскі Рыбцы. Калі пажаніліся, перабраліся да бацькоў мужа. Уладзімір усё жыццё працаваў у сельгасарганізацыі: спачатку вазіў кіраўніка, потым працаваў у жывёлагадоўлі. Больш за 40 гадоў аддаў працы ў Дукоры.

Таццяна і Уладзімір — багатыя бацькі: выхавалі  чатырох  дачок.  У  іх   4  унучкі  і  5 унукаў. Самы малодшы сёлета пайшоў у першы клас. Ёсць і праўнучка — Міечка. Ёй толькі паўгодзіка. Тры дочкі жывуць недалёка: у суседняй вёсцы Падліпкі, аграгарадку Дукора, гарадскім пасёлку Свіслач, а адна перабралася ў сталіцу. Усе яны вельмі гаспадарлівыя, любяць вёску.

— Мы заўсёды трымалі вялікую гаспадарку: некалькі кароў, коней, — кажа Таццяна Пятроўна. — І цяпер у нас ёсць  гусі,  куры, а яшчэ  я  дапамагаю глядзець хатнюю гаспадарку дачцэ.

За сваю працоўную дзейнасць Таццяна Шамко змяніла некалькі прафесій: была  прадаўцом  у  магазіне, больш за 15 гадоў  — паштальёнам, але больш за ўсё падабалася праца на ферме “Галенберг”, дзе яны разам з мужам  працавалі жывёлаводамі. Тая праца была не ў цяжар, а ў радасць.

І сёння, выйшаўшы на заслужаны адпачынак, Таццяна Пятроўна застаецца актыўным чалавекам.

— Я не магу сядзець без працы, —  кажа жанчына. — Можа, таму ўжо больш за 20 гадоў выконваю абавязкі  дэпутата і па сумяшчальніцтве старэйшыны вёсак Галенберг, Маладнёва, Падліпкі. Дапамагаю вяскоўцам вырашаць жыццёвыя пытанні. Вядома, зараз больш дачнікаў, чым пастаянных жыхароў. У асноўным у бацькоўскія дамы  спадчыннікі прыязджаюць на лета, а на зіму вяртаюцца ў горад. У Галенбергу толькі ў 15 дамах пастаянна жывуць суседзі. У Падліпках — дзве сям’і мясцовыя, а ўсяго 35 дамоў, у Маладнёве — 5 пастаянных  жыхароў. У нас добрыя  транспартныя  зносіны (наша вёска знаходзіцца на мяжы) з Чэрвенскім  раёнам, і  многія  ездзяць у магазін  у суседні раён, бо дабірацца туды зручна і блізка.

Грамадская праца  Таццяне Шамко падабаецца. Усіх аднавяскоўцаў яна добра ведае. Ведае і пытанні, якія могуць узнікнуць. Напрыклад, вулічнае асвятленне. Калі святло знікае, яна першай б’е трывогу і тэлефануе ў дыспетчарскую службу электрасетак. І дарожныя пытанні таксама пад пільнай увагай старэйшыны. Сёлета  па яе просьбе вуліцу ў вёсцы  двойчы  прагрэйдзіравалі. Таксама дапамагае вырашыць бытавыя пытанні.

— Нядаўна вазіла ў бальніцу бабулю, — успамінае Таццяна Пятроўна. — А яшчэ   разам  з  мужам  дапамагаем суседзям, калі  звяртаюцца,  заараць  участкі. У нас саміх  шмат зямлі —  45 сотак, і ні адзін кавалак яе не пустуе. У гэтым годзе са-бралі добры ўраджай бульбы, памідораў. Я разумею, што і людзям трэба дапамагчы ва ўборцы, таму нікому не адмаўляем. Але, на жаль, вясковыя жыхары ў апошні час усё часцей лічаць, што прасцей купіць, чым вырасціць, і таму ўсё радзей засяваюць свае агароды. Мала хто зараз трымае і падсобную гаспадарку…

Мы ж з мужам заўсёды працавалі на зямлі і прыраслі душой да Галенберга — ціхай, спакойнай вёскі. Наша вялікая сям’я часта збіраецца разам. Мы запякаем бабку ў печы,  робім блінцы з бульбай па  старадаўнім рэцэпце і цешымся вясковым ладам жыцця, які нам па душы.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *