Добраўпарадкаванне і капітальны рамонт: што турбуе грамадзян
На прыёме грамадзян, які ў суботу правялі намеснікі старшыні райвыканкама Наталля Чарнышова і Аляксандр Валадзько, ішла размова не толькі аб асабістых пытаннях, але і аб пытаннях, якія турбуюць многіх грамадзян.
Мікалай Шклянка, чалавек, які пражыў на Пухавіччыне ўсё сваё жыццё, у прыватнасці, казаў пра тое, што хацеў бы бачыць Мар’іну Горку прыгожым сучасным прысталічным горадам. Чыстым, утульным, добраўпарадкаваным, які мае свой непаўторны стыль, свой твар.
На яго думку, нам не хапае жадання і магчымасцяў пастаянна думаць над тым, у якім стане знаходзяцца нашы вуліцы. У прыватнасці, скверык за Палацам культуры выглядае закінутым, замест таго, каб стаць зонай адпачынку або дзіцячай пляцоўкай. Вуліцы Камсамольская, Горкага, Першамайская, Савецкая даўно патрабуюць рамонту (асфальтавання), бо гэта вуліцы, размешчаныя ў цэнтры горада. Слупы на гарадскіх вуліцах насуперак закону часта бываюць абклеены аб’явамі. У тым ліку, і шкоднымі: напрыклад, заклікаючымі людзей невядома ў каго і на якіх умовах пазычаць грошы. Клапоціць і тое, што жыхары горада грэбуюць патрабаваннем сачыць не толькі за парадкам у сваім двары, але і перад агароджай сваіх участкаў: не абкошваюць, месяцамі захоўваюць ля участкаў будматэрыялы. І гэтая сітуацыя, на думку Мікалая Шклянкі, паўтараецца з года ў год і не заўважаецца.
Што можна адказаць чалавеку, які марыць пра тое, каб вакол быў парадак. Ну, вядома, што ён мае рацыю ў сваіх жаданнях. Гэтага сапраўды хочуць многія. І камунальнікі ў сілу магчымасцяў імкнуцца падтрымліваць парадак у горадзе. Канечне, хацелася б, каб у гэтых намаганнях было больш паслядоўнасці. Аднак шмат залежыць і ад саміх гараджан. Як ад простых жыхароў, якія маюць свае дамы, так і ад кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, якія маюць замацаваныя тэрыторыі. Трэба, каб усе разам праяўлялі сваю неабыякавасць.
Справядліва прагучала і прапанова аб тым, што пытанне добраўпарадкавання горада павінна больш хваляваць дэпутатаў мясцовых Саветаў. Кожны дэпутат павінен ведаць праблемныя месцы на тэрыторыі сваёй акругі і спрабаваць змяніць сітуацыю, прыцягваючы да гэтага грамадскасць.
Што тычыцца пытанняў асфальтавання вуліц, то тут значэнне мае не толькі жаданне, але і наяўнасць сродкаў. Рашэнне аб чарговасці асфальтавання прымаецца штогод членамі камісіі з улікам стану дарожнага пакрыцця, запатрабаванасці вуліц і наяўнасці фінансавых сродкаў.
Жыхар Новай Зары Аляксандр Бойчанка ў чарговы раз акцэнтаваў увагу на праблемах жыхароў дома №3 у Новай Зары. Дом, які летась перажыў капітальны рамонт, усё яшчэ мае шэраг праблем. Не да канца вырашана пытанне з рамонтам адмосткаў, даху, заменай газавага абсталявання ў кватэрах. Хвалюе жыхароў адсутнасць абсталявання і асвятлення на дзіцячай пляцоўцы каля дома. Па кожным пытанні жыхару Новай Зары былі дадзены тлумачэнні.
Алена ІВАНОВА.