Добраўпарадкаванне населеных пунктаў  — клопат сельвыканкамаў

Восень — час, калі руплівыя гаспадары наводзяць парадак на сваіх падворках. Ужо ўбраны ўраджай, і неабходна падрыхтаваць зямлю да зімы. Асенніх клопатаў шмат: прыбраць апалае лісце, абкасіць траву, раслінныя рэшткі складзіраваць. Гэтым займаюцца  вяскоўцы. Тым, хто не можа, дапамагаюць дзеці.

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў  — клопат сельвыканкамаў.

Як расказала старшыня Навапольскага сельвыканкама Лілія Брандт, у Навапольскім сельскім Савеце вясной пафарбавалі больш за 1000 метраў агароджы на цэнтральнай вуліцы ў аграгарадку Наваполле і  на могілках  у вёсцы Бахаравічы.

— Вялікая праца ў гэтым сезоне  была праведзена па ліквідацыі аварыйных дрэў.  Выконваць яе запрасілі ТАА «Прамхімахова». Спецыялісты  зрэзалі 18 небяспечных дрэў у вёсках Сяргеевічы,  Прыстань, Шабуні, Культура, Валасач.  І летась мы займаліся гэтай работай, зрэзалі 14 небяспечных дрэў, — гаворыць старшыня сельвыканкама. — Складанасць такой работы ў тым, што шматлікія аварыйныя дрэвы растуць на могілках ці побач з хатамі, і ёсць небяспека  пашкодзіць помнікі ці будынкі.

І ў наступным годзе таксама плануем  прыбраць каля 10 такіх дрэў. З такой просьбай  ужо звярнуліся ў сельвыканкам  жыхары вёсак Таварскія, Бахаравічы, Церабель.

На тэрыторыі Навапольскага сельсавета размешчаны 36 вёсак. За добраўпарадкаванне тэрыторый агульнага карыстання  таксама адказваюць супрацоўнікі сельвыканкама.  Вельмі актуальным  было пытанне пакоса травы. Гэтым  летам дажджы спрыялі яе хуткаму росту. Таму абкошваць даводзілася ўвесь час. Выконвалі касьбу на 17 вясковых вуліцах, грамадзянскіх могілках. Сёлета ААТ «Агра-Абярэг»  дапамагло ў набыцці касы.  Стала лягчэй, бо займаюцца гэтай справай ужо тры касцы.

Навядзенню парадку на зямлі і добраўпарадкаванню населеных пунктаў у Навапольскім сельскім Савеце надаюць вялікую ўвагу не толькі ў летнія  месяцы, але і ўвосень.

Сёння праводзяць першы восеньскі суботнік.  Прыняць  удзел  у ім запрасілі, акрамя вяскоўцаў, працаўнікоў ААТ “Агра-Абярэг”,  ЗАТ “ГДХемікс”,   школьнікаў.

Для таго, каб праца па добраўпарадкаванні населеных пунктаў была больш паспяховай, неабходна падтрымка насельніцтва. Асабліва важна, каб землекарыстальнікі своечасова наводзілі парадак на сваіх зямельных участках, клапаціліся пра свае домаўладанні.

Анастасія   ГЛЕБАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *