Дукорцы адзначылі 90-гадовы юбілей гаспадаркі

 

Галоўны заатэхнік Уладзімір Арлоўскі ўручыў граматы лепшым работнікам жывёлагадоўлі.

Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу ў гэтым годзе стаў асаблівым святам для калектыву СУП “Дукора-Агра”. Дукорцы адзначылі 90-гадовы юбілей гаспадаркі.

Дырэктар СУП “Дукора-Агра” Аляксандр Славікоўскі віншуе ветэрана Уладзіміра Кордзікава.

 

Гісторыя сельгаспрадпрыемства напісана працоўнымі дасягненнямі работнікаў, таму ўся ўвага падчас свята — людзям. Дырэктар Аляксандр Славікоўскі агучыў эканамічныя паказчыкі гаспадаркі: ва ўсіх накірунках спрацавалі з плюсам. За гэтымі лічбамі — праца людзей. Аляксандр Віктаравіч адзначыў трактарыстаў-машыністаў Юрыя Шлыка, Анатолія Глузда, Віктара Мялава, Сяргея Дрынеўскага, Сяргея Фралова,Уладзіміра Давыдзенку, Аляксандра Давыдзенку, Мікалая Сямейку. Лепшыя сярод вадзіцеляў — Анатолій Крайко, Яўген Крупнікаў. Былі адзначаны жывёлаводы Таццяна і Уладзімір Шамко, сярэднясутачная прывага ў вазе ў іх групе з пачатку года склала 755 грамаў.
Многія з прысутных памятаюць СУП “Дукора-Агра” як СПК “Дукора” або калгас “Імя 16 партызан”. Успомнілі на свяце і былых кіраўнікоў. Генадзь Бізюк кіраваў калгасам 11 гадоў, Адам Кісель — 12 гадоў. Віктар Трапашко, Андрэй Харлап, Васіль Юдзенкоў, Іван Муха, Сяргей Дрозд у розныя гады ўзначальвалі калектыў сельгас-прадпрыемства. Сяргей Дамарад, які 6 гадоў быў дырэктарам, прыйшоў павіншаваць былых калег. Сяргей Васільевіч цяпер узначальвае прыватнае прадпрыемства, якое цесна супрацоўнічае з СУП “Дукора-Агра”.

Дырэктар ААТ “Машхарчпрад” Міхаіл Котаў уручае грамату галоўнаму эканамісту Ганне Мазоўка.

Бясконцай чарадой на сцэну выходзілі работнікі гаспадаркі. Без увагі не засталіся і ветэраны: каля ста чалавек напярэдадні 90-годдзя гаспадаркі атрымалі падарункі. У ліку былых працаўнікоў шмат перадавікоў. Пётр Страх, Вольга Пікулік, Вольга Шахоцька і Анатолій Крайко маюць званне “Ганаровы калгаснік”.

Юрыст Жанна Шуляк, галоўны бухгалтар Вольга Лініч, галоўны заатэхнік Уладзімір Арлоўскі.

На свяце ў адрас ветэранаў гучалі шчырыя апладысменты. Зінаіда Пікулік, Марыя Зыль, Анатоль Сіраж, Аляксандра Каралёва, Жанна Лявіцкая, Галіна Куніцкая і многія іншыя шмат гадоў працавалі ў гаспадарцы. Склаліся тут і сямейныя дынастыі. Справу Івана Барычэўскага працягвае сын Аляксандр, галоўны інжынер. Жанна Лявіцкая доўгі час працавала намеснікам галоўнага бухгалтара. Цяпер галоўным эканамістам працуе яе дачка Ганна Мазоўка.

Калектыў гаспадаркі віншуе Сяргей Дамарад.

З 2010 года трывалыя сувязі яднаюць СУП “Дукора-Агра” і ААТ “Машхарчпрад”. Дырэктар прадпрыемства Міхаіл Котаў адзначыў, што 2020 год у Дукоры будзе аб’яўлены Годам будаўніцтва. На базе былога дзіцячага садка пабудуюць кватэры для работнікаў. Міхаіл Котаў уручыў Аляксандру Славікоўскаму сертыфікат на 30 тысяч рублёў на правядзенне будаўнічых работ і ганаровую грамату за значны асабісты ўклад у развіццё прадпрыемства.

Калег, бізнес-партнераў і сяброў таксама павіншавалі прадстаўнікі ААТ “Упраўляючая кампанія холдынгу “Белкамунмаш”, ААТ “Мінскі мясакамбінат”, кіраўніцтва мясцовага сельвыканкама і Дукорскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа.
Ад імя раённага выканаўчага камітэта работнікаў гаспадаркі павіншавала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Анастасія Арахоўская. Падзякі атрымалі намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Людміла Шкробат, бухгалтар Ірына Крупская, трактарыст-машыніст Мікалай Сямейка і інжынер па працаёмкіх працэсах Аляксандр Дарафейчык.

Такога канцэрту, які кіраўніцтва падрыхтавала з нагоды юбілею, мясцовы Дом культуры дакладна не бачыў даўно. Зоркі беларускай эстрады і мясцовы ансамбль “Сяброўкі”, пародыя на Верку Сярдзючку, факір — у зале гучалі смех і гучныя апладысменты. Пачалося новае дзесяцігоддзе ў гісторыі гаспадаркі, і хочацца спадзявацца, што яно будзе яшчэ больш паспяховым і багатым на новыя дасягненні.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *