Дукорскія земляробы працягваюць нарыхтоўку сенажу
У СУП “Дукора-Агра” ў адным звяне па корманарыхтоўцы працуюць браты Аляксандр, Уладзімір і Андрэй Давыдзенкі. За гады працы ў гаспадарцы яны зарэкамендавалі сябе адказнымі і стараннымі механізатарамі, таму ім нездарма даручаюць самую адказную работу.
Гэтымі днямі дукорскія земляробы працягваюць нарыхтоўку сенажу. Значную частку правяленай масы ўпакоўваюць у палімерную плёнку. У сховішчы ўжо больш за 547 тон такіх кармоў. Гэта лічба працягвае расці: з прэс-падборшчыкам рулонным “Тарнада” ў полі працуе Аляксандр Давыдзенка (на здымку).
У СУП “Дукора-Агра” ён прыйшоў восем гадоў таму. Працаваў тут да арміі, пасля ўладкаваўся ў сталіцы. Пазней Аляксандру прапанавалі працаваць на новым энерганасычаным трактары, і ён вярнуўся ў гаспадарку.
Штодзень Аляксандр Віктаравіч упакоўвае 150-170 рулонаў. Увесь працэс кантралюе камп’ютар, усталяваны ў кабіне, што значна аблягчае працу. Нарыхтаваць сянаж трэба яшчэ каля вёсак Пушча і Маладнёва, таму работы на бліжэйшы час механізатару хопіць.
— Стараюся прасаваць рулоны як мага хутчэй, каб пад такім спякотным сонцам сянаж не ператварыўся ў сена, — гаворыць Аляксандр Давыдзенка. — Такія гады, калі супадалі некалькі відаў палявых работ, у маёй практыцы ўжо здараліся. Усёй камандай мы спраўляемся, працуем зладжана і арганізавана. Цяпер час заробку, таму некаторыя цяжкасці адыходзяць на другі план.
Аляксандр Віктаравіч стараецца праявіць сябе на розных відах работ. Нарыхтоўка кармоў, вываз арганікі — у гаспадарцы ён уваходзіць у лік лепшых работнікаў. У мінулым годзе вызначыўся на жніве: перавёз каля дзвюх тысяч тон збожжа, больш за ўсіх у сельгасарганізацыі.
Корманарыхтоўку ў гаспадарцы пачынае Уладзімір Давыдзенка, які косіць травы. Рулоны сенажу з палёў адвозіць Андрэй Давыдзенка. У звяне з трыма братамі працуе таксама Аляксей Холад. Ён займаецца варашэннем траў.
Працу механізатарам у гэтыя спякотныя дні значна аблягчаюць кандыцыянеры. Кіраўніцтва гаспадаркі паклапацілася пра мінеральную ваду, якую работнікі атрымліваюць перад выездам у поле. Бываюць у механізатараў і выхадныя дні, каб яны маглі крыху адпачыць ад такога напружанага тэмпу працы.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.