Дырэктар  раённага краязнаўчага  музея: «Мне пашчасціла сустракацца з Іванам Шамякіным»

30 студзеня мы адзначалі стогадовы юбілей народнага пісьменніка Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, акадэміка Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Івана Пятровіча Шамякіна.

Іван Шамякін.

У нашым раёне ў дзень нараджэння пісьменніка ў раённай мастацкай галерэі сумесна з Пухавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай прайшла літаратурная гадзіна “Іван Шамякін — летапісец эпохі”. У фае бібліятэкі  наладжана выстава. Раённым краязнаўчым музеем, дзе ў раздзеле “Літаратурная Пухавіччына” ёсць звесткі аб Іване Шамякіне і нават захоўваецца кніга з яго аўтографам, выдадзены буклет. Шэраг мерапрыемстваў ладзіцца ў Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы, а ў школах раёна арганізаваны выставы аб жыцці і творчасці пісьменніка і праходзяць сустрэчы з чытачамі.

Мне пашчасціла сустракацца з Іванам Шамякіным некалькі разоў. Калі ён ў 70-я гады мінулага стагоддзя вылучаўся кандыдатам у дэпутаты па Пухавіцкай выбарчай акрузе, мне прапанавалі выступіць на акруговым сходзе ў яго падтрымку. Працаваў я тады настаўнікам Ананіцкай сярэдняй школы. Добра ведаў творчасць пісьменніка. З аднаго боку, выступаючы, хваліў яго як творцу, з другога боку — трэба даць нейкі наказ. У сваім кароткім выступленні я сказаў, што беларускім пісьменнікам трэба несці беларускае слова ў народ, часцей бываць у працоўных калектывах, у школах.

Старшынёй Пухавіцкай акруговай выбарчай камісіі быў яго аднагодак – старшыня калгаса імя Жданава Міхаіл Нікіфаравіч Яўсіевіч.

Праз некаторы час пасля выбараў восенню ў Ананічы завіталі Іван Шамякін, Анатоль Грачанікаў і Браніслаў  Спрынчан.  Яны наведалі Ананіцкую школу, перадалі ў падарунак свае кнігі, а потым у перапоўненым клубе адбылася сустрэча жыхароў Ананіцкага сельсавета з вядомымі пісьменнікамі. Быў дадзены вялікі канцэрт мастацкай самадзейнасці, а пасля наладжана вячэра, падчас якой госці расказалі  шмат цікавага. У цэнтры ўвагі, зразумела, быў Іван Пятровіч. Аказалася, што ён і Міхаіл Яўсіевіч ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на Карэльскім фронце. Было аб чым ім успомніць.

Былі ў мяне яшчэ і іншыя сустрэчы з народным пісьменнікам. Мне запомнілася сустрэча ў Беларускім фондзе культуры, які ўзначальваў Іван Чыгрынаў. З Іванам Гаўрылавічам я сябраваў. У пачатку 90-х, будучы ў Мінску, я зайшоў у фонд. Быў там і Іван Шамякін. Завязалася размова. Гаварылі аб розным. Іван Пятровіч тады сказаў, што неспакойна ў творчым саюзе пісьменнікаў Беларусі, ён можа разваліцца. Словы яго спраў-дзіліся. Адзінага саюза не стала.

Апошні раз я бачыў Івана Пятровіча на пахаванні Івана Чыгрынава ў студзені 1996 года. Гэта быў ужо стары чалавек, які многа чаго перажыў, страціў. Але ён да апошняга дня працаваў. Варта ўспомніць яго дзённікі, апошнія аповесці.

Памёр пісьменнік 14 кастрычніка 2004 года. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Цікавыя звесткі

Іван Пятровіч Шамякін быў не толькі цудоўным літаратарам, чые творы мы ведаем са школьнай праграмы, але і буйным дзяржаўным дзеячам.  Прычым у 1971-1985 гады — Старшынёй Вярхоўнага Савета. БССР. 

У 1963 годзе ўваходзіў у склад беларускай дэлегацыі на 18-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Узнагароджаны 8-ю ордэнамі і медалём.

У гонар Івана Шамякіна названы Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, адна з вуліц у мікрараёне “Сухарава-4” Мінска.

Аляксандр  ПРАНОВІЧ,

дырэктар  раённага краязнаўчага  музея.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *