Дзед Мароз і Снягурка наведалі Мар’інагорскую ЦРБ
Падчас акцыі “Нашы дзеці” яе ўдзельнікі імкнуцца парадаваць у тым ліку і дзетак, якія святочныя дні вымушаны праводзіць у бальнічных палатах. Таму зусім не дзіўна, што напярэдадні і Новага года, і Нараджэння Хрыстова ў калідорах цэнтральнай раённай бальніцы можна пабачыць і Дзеда Мароза, і Снягурку. Так склалася, што ў адзін дзень тут сустрэліся Дзед Мароз “у сінім” і яго калега “ў чырвоным”.
З адной групай дзяцей і дарослых прыйшлі павіншаваць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі раённага выканаўчага камітэта Кацярына Касмольская, старшыня прафсаюза работнікаў аграрна-прамысловага комплексу Людміла Ленкавец і прадстаўнікі раённага цэнтра культуры. Яны наведалі інфекцыйнае аддзяленне ЦРБ, павіншавалі дзяцей, медыцынскіх работнікаў з Новым годам і Нараджэннем Хрыстовым, уручылі ім наборы цукерак, буклеты аб нашым раёне і іншыя падарункі.
У гэты ж час педыятрычнае аддзяленне бальніцы наведала вялікая каманда з Мар’інагорскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа, у склад якой увайшлі акцябраты, валанцёры атрада «Прамень святла», педагогі. Для дзяцей, якія зараз лечацца ў аддзяленні, яны падрыхтавалі вялікую святочную праграму і падарункі, сабраныя вучнямі ўстановы адукацыі і іх бацькамі.
Наталля ПАРХОМЧЫК.