Дзень апошняга званка — асаблівы дзень
Дзень апошняга званка — асаблівы дзень. Яго чакаюць усе. Для вучняў ён — пачатак самых доўгіх і самых цёплых канікул, для выпускнікоў — пачатак самастойнага жыцця. І толькі ўзяўшы ў рукі стужку з адпаведным надпісам, многія адзінаццацікласнікі адчуваюць, як нялёгка на самой справе развітвацца з дзяцінствам…
Няўжо праляцелі нашы школьныя гады? Няўжо апошні раз здадзены ў школьную бібліятэку падручнікі? Няўжо не сядзем мы ніколі разам з сябрамі за парты, не запішам тэму ўрока разам з настаўнікам, не адкрыем дзённік для добрай адзнакі? Гэтыя пытанні сёння задаюць сабе 289 юных пухавіччан-выпускнікоў. Так, немагчыма павярнуць назад час, і школьны званок мелодыяй вясны ўсё ж праводзіць вас сёння ў дарослае жыццё.
Праўда, яшчэ будуць экзамены, якія 17 выпускнікоў школ нашага раёна абавязкова павінны здаць на максімальныя адзнакі, каб атрымаць залатыя ці сярэбраныя медалі за сваю вучнёўскую працу.
А сёння прэтэндэнты на званне медалістаў разам з пераможцамі розных вучнёўскіх конкурсаў і алімпіяд запрошаны на рэспубліканскае свята выпускнікоў у Мінск. Яно пройдзе на Мінск-арэне і дакладна стане незабыўным. Сярод дэлегатаў ад нашага раёна і гімназісты — Станіслаў Суханаў, Іван Смаляк, Валерыя Камлюк, Марыя Шычко, Антон Савосцін, Яна Капылова, Аляксей Штангель, Вікторыя Антоненка (на здымку).
Стараннасцю ў працы выпускнікі-пухавіччане заслужылі таксама права, каб іх імёны былі занесены на раённую Дошку гонару. Хутка на ёй мы ўбачым фотаздымкі навучэнцаў гімназіі Валерыі Камлюк, Івана Смаляка, Аляксея Казакевіча, а таксама выпускніка Мар’інагорскага НПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Цімура Шацілава і выпускніка Рудзенскай СШ Уладзіслава Сакалова.
У добры шлях, выпускнікі! Няхай на ім вам сустрэнуцца добрыя людзі, і ўсе пачынанні будуць паспяховымі!
Алена ШАНТЫКА.