Дзевяноста гадоў таму назад у вёсцы Варонічы нарадзіўся паэт Генадзь Кляўко

“…Ёсць слова — вораг,  слова — госць, у іх — трывалая выснова. У кожным слове корань ёсць —  і нельга сілай вырваць слова”,  — чытаю вершаваныя радкі нашага земляка, паэта Генадзя Кляўко.  Гэтыя неяк асабліва ляглі на душу. Мабыць, таму, што кожны дзень маю справу са словамі і добра ведаю, як цяжка бывае  зрабіць іх дарадчыкамі, субяседнікамі, лекарамі душы  і не дапусціць, каб яны сталі ворагамі.  А вось яшчэ: “Хваліўся, што сеяў заўжды разумнае, вечнае, толькі… О, колькі было б лебяды без вечнай разумнай праполкі!”  А гэта, на мой погляд, пра самаўпэўненасць, якая таксама  ўласціва некаторым з нас, і пра тое, што трэба з удзячнасцю адносіцца да тых, хто стрымлівае нас ад учынкаў, прадыктаваных гэтай не самай прывабнай рысай характару.  Магчыма, знаўцы творчасці паэта патлумачаць усё гэта неяк інакш.  Але  ўздзеянне мастацкага твора на чытача заўсёды асабістае, не ўкладваецца ў шаблоны. Гэтым ён і цікавы.

Хацелася, каб тыя з нашых землякоў, хто добра ведае творчасць Генадзя Кляўко, у гэтыя дні зноў  звярнуліся да яго, а тыя, хто яшчэ не знаёмыя з вершамі паэта, нарэшце пазнаёміліся. Тым больш, што для гэтага ёсць добрая нагода  —  90-гадовы юбілей паэта.

Нарадзіўся  Генадзь  Якаўлевіч  1 мая 1932 года ў вёсцы Варонічы, што непадалёку ад Рудзенска, у сям’і  старшыні калгаса Якава Сафронавіча  Кляўко і яго жонкі Марыі Іванаўны. Вучыўся ў Рудзенскай дзесяцігодцы. Першыя свае вершы надрукаваў у раённай газеце “Бальшавіцкі сцяг”. Пасля школы паступіў на філалагічны факультэт БДУ імя Леніна, які паспяхова  скончыў у 1955 годзе. Працаваў у рэдакцыі газеты “Калгасная праўда” (“Беларуская ніва”), часопісах “Вожык” і “Беларусь”. З 1973 года — намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”.

Выдаў зборнікі лірыкі “Сто крокаў” (1967), “Прыстань” (1974), “Плуг” (1978), “Падкова над парогам” (1979). Выйшлі з друку некалькі дзіцячых і сатырычных зборнікаў, кніга (пераклад) паўднёва-асецінскай паэзіі “Трубіць алень” (1975).  Сярод твораў паэта нямала  прысвечаных  малой радзіме.   Ёсць  і  такі  цікавы факт:   на словы  верша Генадзя  Кляўко  “Далёкі гром” расійскім музыкантам Уладзімірам  Кузьміным  (у тыя гады саліст гурта “Дынамік”) у пачатку 1980-х была напісана аднайменная песня.

Пайшоў з жыцця Генадзь  Кляўко ў 1979 годзе.

У  Пухавіцкім  раённым  краязнаўчым музеі ёсць экспазіцыя, прысвечаная нашаму паэту-земляку,  на  будынку Рудзенскай  сярэдняй  школы  ўсталявана   памятная дошка ў  яго гонар.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

РОДНАЯ   ВЁСКА

Дзень добры, Варонічы,

Вёска над Пціччу,

Калыска маіх

Недаспелых гадоў!

Ледзь вочы заплюшчу —

У адведзіны клічаш,

Дарогу ўсцілаеш

Лістотай садоў.

Занятыя працай,

Мы бачымся рэдка,

А столькі ж у кожнага

Добрых навін!

Маўклівая ў будні —

Ты помнішся гэткай —

Шуміш на вяселлях,

На святах радзін.

А колькі было б іх,

Радзін і вяселляў,

Каб хлопцы жывымі

Прыйшлі ўсе з вайны,

Каб сёння яны

За сталы твае селі!..

Прыходзяць жа толькі

Яны ў твае сны.

Я помню,

Сурова ты нас гадавала,

За працаю змалку

З нас кожны сталеў.

Мы кволымі вырасцем —

Ты бедавала —

Праснак не заўсёды

Гасціў на стале.

Пра ўсё не раскажаш

I ўсю не апішаш

Цябе, мая вёска

Над Пціччу-ракой.

Ты думы мае

I дагэтуль калышаш,

I сэрцу заўсёды

Вяртаеш спакой.

Там журацца

Мной неаббітыя росы,

У полі барозны,

Што колісь праклаў,

Мае там на лузе

Сумуюць пракосы,

Якія прайшоў я

З касою між траў.

Там памяць мая

I начуе, і днюе,

I ведае ўсё там

Яна да драбніц.

I я цябе, вёска,

I бачу, і чую,

I птушкай там буду

Да скону кружыць.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *