Дзяўчынка-вясна стала “Вучнем года Мінскай вобласці”
Тыдзень гэтай дзяўчынкі распісаны літаральна па хвілінах: вучоба, гурткі і факультатывы, удзел у розных акцыях, канцэртах, форумах, паездкі па гарадах Беларусі і нават здымкі на ТБ. А што, уласна кажучы, здзіўляцца, калі вучаніца СШ №2 горада Мар’іна Горка Вікторыя Баешка — старшыня савета дружыны піянерскай арганізацыі школы, старшыня Пухавіцкага раённага савета ГА «БРПА» і лідар дзіцячай палаты Цэнтральнага савета ГА «БРПА».
— Я не магу сядзець на месцы і не хачу сумнага і аднастайнага жыцця, таму бяруся за ўсё, што можа стаць для мяне цікавым вопытам, — кажа Віка. — За тыя два гады, што я знаходжуся ў піянерскай арганізацыі, я шмат чаму навучылася. Па-першае, пабывала ў розных гарадах Беларусі, дзе мела зносіны са сваімі аднагодкамі. Па-другое, стала больш камунікабельнай, адкрытай. Я не баюся выступаць перад вялікімі аўдыторыямі і адстойваць свой пункт гле-джання.
Дзякуючы такой актыўнай жыццёвай пазіцыі, дзяўчынка-вясна, як называюць Віку ў школе за яе жыццярадаснасць і пазітыў, не прайшла міма ўдзелу ў конкурсе «Вучань года Мінскай вобласці-2021». І ў намінацыі «Грамадская дзейнасць» стала лепшай. І гэта пры тым, што была самым юным удзельнікам гэтага конкурсу, у фінале якога названы імёны 25 найлепшых школьнікаў, якія праявілі сябе ў 2021 годзе ў навучальнай, творчай, спартыўнай, праектнай, працоўнай, грамадскай дзейнасці. Сярод канкурсантаў — пераможцы рэспубліканскіх, міжнародных алімпіяд, канферэнцый, конкурсаў і праектаў, творчых і спартыўных спаборніцтваў, лідары дзіцячых і мала-дзёжных грамадскіх аб’яднанняў, вучнёўскага самакіравання, валанцёрскага руху.
— Я ганаруся, што змагла атрымаць перамогу ў гэтым конкурсе, — кажа Вікторыя. — Далей — толькі наперад.
Алена ШАНТЫКА.