“Эльзу” ў госці не чакалі…

Чалавек можа многае.  Але існуюць сілы, кантраляваць якія немагчыма нават з дапамогай  самых сучасных тэхналогій. Гэтую думку ў мінулую пятніцу пацвердзіў ураганны вецер. Яго прынёс на тэрыторыю краіны атлантычны цыклон “Эльза”.

Звярнуўшыся да тэорыі, нагадаем, што ўраган — гэта складаная з’ява надвор’я. Яго галоўнай характарыстыкай з’яўляецца вельмі моцны вецер, які мае хуткасць больш за 30 метраў у секунду (120 км/г) і з’яўляецца адной з наймагутнейшых сіл стыхіі па разбуральным уздзеянні.Такі вецер можа вырываць з каранямі дрэвы, зрываць дахі з хат, нават падымаць у паветра аўтамабілі. І мы гэта бачылі ў пятніцу.

У Мінску ураган вырываў  дрэвы, валіў платы, прыпынкі грамадскага транспарту, светлафоры і зрываў дахі.

Не абмінуў ураган і наш раён.

*   *   *

Парывамі ўраганнага ветру, які дасягаў 32 метры ў секунду, пашкоджаны дахі жылых дамоў, гаспадарчых пабудоў. Сельскія жыхары і дачнікі паведамляюць аб зламаных платах і цяпліцах, фактах падтаплення прыдамавых  участкаў з-за рэзкага раставання снегу і выпадзення ападкаў.

З-за непагадзі пацярпеў не толькі жылы сектар, але і шматлікія малочна-таварныя фермы, цялятнікі, склады, гаражы, свінакомплекс, КЗС, навес для цялятаў, дыспетчарская.

Работнікі Пухавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях аб’ядноўваюць свае намаганні са службамі ўзаемадзеяння, выязджаюць на месцы, дзе патрабуецца дапамога. У першую чаргу яна аказваецца домаўладанням, дзе пражываюць  шматдзетныя сем’і.

*   *   *

— Камунальнікі працавалі над ліквідацыяй наступстваў урагана ўсе выхадныя дні, — расказвае генеральны дырэктар УП “Жылцепласэрвіс” КГ Дзмітрый Клімашэўскі. —  Прыбіралі дрэвы, што не вытрымалі такіх парываў ветру і ўпалі. Гэта здарылася на  вуліцах Усходняя, Пралетарская, Чапаева і Гучка. На шчасце, ніхто не пацярпеў. Не ўстаяў і білборд на вуліцы Чапаева.

Працавалі мы таксама на аднаўленні пашкоджаных дахаў на жылфондзе ў гарадскіх пасёлках Праўдзінскі і Свіслач, на вуліцы Новая Зара ў Мар’інай Горцы.  Дапамагалі  рамантаваць   пашкоджаныя дахі школ і дзіцячых садкоў.

*   *   *

Разбуральны цыклон «Эльза» даставіў шмат клопатаў розным службам і арганізацыям. У тым ліку і Пухавіцкаму раёну электрасетак. Званкі ў дыспетчарскую службу пачалі раздавацца ў пятніцу пасля 13 гадзін. Яны паступалі ад жыхароў сельскіх населеных пунктаў, якія скардзіліся на адсутнасць напружання.

— Шмат зваротаў было ад жыхароў Талькаўскага накірунку, — расказаў начальнік раённай дыспетчарскай службы Пухавіцкага раёна электрасетак Сяргей Харытончык. — Для ліквідацыі наступстваў аварыйных парываў правадоў да гадзіны ночы ў пятніцу і цэлы дзень у суботу  працавалі 10 брыгад. У асноўным лініі былі пашкоджаны нейкімі прадметамі. Напрыклад, шыферам, які злятаў з дахаў дамоў, гаражоў, гаспадарчых пабудоў. Каля вёскі Чароты Блужскага сельсавета лінія электраперадач пацярпела ад вялікай хвоі, што не вытрымала парыву ветру і ўпала.

Ад жыхароў Мар’інай Горкі паступілі толькі адзінкавыя званкі аб адключэнні электраэнергіі. Усяго ж за суткі, пакуль стыхія бушавала над раёнам, у дыспетчарскую службу паступіла каля 500 званкоў.

*   *   *

Прайшоўся цыклон і па тэрыторыі Пухавіцкага сельсавета. У Зацітавай Слабадзе на грамадскіх  могілках ад моцнага парыву ветру ўпала вялікая таполя. Яна пашкодзіла агароджы і помнікі. У жыхароў аграгарадка Пухавічы па вуліцы Кастрычніцкая сарвала з дома ветрам металічны дах. На шчасце, ніхто не пацярпеў.

— У вёсцы Зацітава Слабада ў людзей таксама  пазрывала дахі, — расказала старшыня Пухавіцкага сельвыканкама Анжэла Шышко. — І не толькі ў дамах, але і ў гаражах, на гаспадарчых пабудовах. У панядзелак мы разам з валанцёрамі пачалі прыбіраць паваленае дрэва на могілках.

Алена ШАНТЫКА, Андрэй ГЕОРГІЕЎ, Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *