Філіял “Аўтамабільны парк № 19” дапамагае вяскоўцам на ўборцы ўраджаю
Перавозкай цукровых буракоў з палёў раёна займаецца філіял “Аўтамабільны парк № 19” ААТ “Мінаблаўтатранс”. Арганізацыя трэці год запар заключыла дамову з ААТ “Слуцкі цукроварафінадны камбінат”. На адвозцы салодкіх караняплодаў штодзень задзейнічана ад дзесяці да дваццаці машын.
— Для гэтай работы выдзелілі аўтамабілі з прычэпамі і паўпрычэпамі. У сярэднім нашы вадзіцелі за адзін рэйс перавозяць каля 30 тон караняплодаў, — расказвае дырэктар аўтапарка №19 Генадзь Сячко. — У гэтыя дні наша самазвальная тэхніка таксама задзейнічана на нарыхтоўцы кармоў. Акрамя гэтага, забяспечваем шэраг нашых сельгаспрадпрыемстваў жомам — прадуктам перапрацоўкі цукровых буракоў. Плануем садзейнічаць гаспадаркам у дастаўцы патакі і меласу.
Гэтымі днямі вадзіцелі адвозяць салодкі ўраджай з палёў ААТ “Племянны завод “Індустрыя” і сельгасфіліяла “Дрычын”. Усяго па раёне ўжо перавезена больш за 27 тысяч тон буракоў.
З аграрыямі аўтапарк цесна супрацоўнічае з пачатку жніва. Дзяржзаказ — 11300 тон зерня — з нашага раёна на ААТ “Мінскі КХП” вывезлі машыны аўтапарка.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.