Гарачыя абеды падчас палявых работ дастаўляюць на працоўныя месцы
З красавіка і да канца кастрычніка ў сельскагаспадарчых арганізацыях забяспечваюць сваіх работнікаў гарачым харчаваннем. У сталовай рыхтуюць смачныя абеды і падвячоркі і дастаўляюць прама на працоўныя месцы.
Возяць ежу ў спецыяльных кантэйнерах, каб на стол трапляла гарачай. Да таго ж, вылічваюць за харчаванне толькі некалькі працэнтаў ад поўнага кошту.
У некаторых сельгасарганізацыях працуюць свае сталовыя, дзе гатуюць смачныя гарачыя абеды, а ў другіх, напрыклад, у КСУП «Зазерка», «Пухавіцкі райаграсэрвіс», СГФ «Светлая ніва», заказваюць абеды для сваіх работнікаў у кафэ.
Так, з пачаткам палявых работ у КСУП «Шацк» пачала працаваць сталовая. Сёння, пакуль работы ў полі толькі набіраюць абароты, многія абедаюць у сталовай каля машыннага двара. У поле дастаўляюць 23 абеды, але максімальная колькасць дойдзе да 40.
— Механізатар заплаціць за абед толькі 10 працэнтаў ад кошту, — кажа галоўны эканаміст сельгаспрадпрыемства Алена Гулякевіч. — 30 працэнтаў — тыя, хто абслугоўвае вытворчасць: слесары, зваршчыкі. Харчуюцца ў нас і спецыялісты, работнікі ферм. Яны аплачваюць 50 працэнтаў ад кошту абеду.
Кухонная рабочая Людміла Башлакова імкнецца, каб стравы былі смачнымі і сытнымі, а меню ў працаўнікоў сельгаспрадпрыемства было разнастайным. Яна разумее, што і ад яе работы залежыць працоўны настрой і вынікі ўсіх занятых на сяўбе.
Анастасія ГЛЕБАВА.