Гаспадаркі Пухавіцкага раёна надаюць першаснае значэнне стварэнню кармавой базы

Стварэнню  кармавой базы гаспадаркі раёна надаюць першаснае значэнне. Гэтымі днямі завяршаецца ўборка кукурузы на сілас.

Сенажу сельгасарганізацыі раёна ўжо нарыхтавалі больш  запланаванага (108 працэнтаў). У ААТ “Суцінскі”, куды мы завіталі напрыканцы мінулага тыдня,  завяршалі яго нарыхтоўку. Кастрэц сёлета шчодра парадаваў трыма  ўкосамі.

У траншэях сельгасарганізацыі  больш за 6300 тон сенажу. Ёсць яшчэ мінулагодні  запас.

Механізатар Васіль Варывончык.

У   корманарыхтоўчым   звяне працавалі  механізатары   Валянцін   Дашкевіч,  Васіль   Варывончык, Дзмітрый Станішэўскі  і  вадзіцель  Іван  Булін.

—  На гэтых людзях, па сутнасці, трымаецца наша гаспадарка, — гаворыць дырэктар Пётр Мохараў. — Напрыклад, Валянцін Дашкевіч, які зграбае правяленую масу ў валкі, — адзін з ветэранаў гаспадаркі. У ААТ “Суцінскі” працуе больш за трыццаць гадоў.

Новы кормаўборачны камбайн КВК-800 даверылі Васілю Варывончыку.  Васіль Анатольевіч мае пятнаццігадовы вопыт работы, раней працаваў на КЗРы, таму такую тэхніку ведае добра. У гэтым сезоне ў складзе  міжгаспадарчых мехатрадаў Васіль Варывончык дапамагаў на ўборцы  сенажу  ААТ  “Аграсімвал”, “Ражджэственскае-Агра”, “Пухавіцкі  райаграсэрвіс”,  сельгасфіліялу “Светлая ніва”.

Механізатар Валянцін Дашкевіч.

Нарыхтоўку сенажу  маглі  б  завяршыць і раней, але мы  перакідваем механізатараў на іншыя віды работ. Адзначу, што закладка сянажных траншэй праходзіць у аптымальныя  тэрміны.  Тэхналагічны працэс нельга парушыць.

Сёлета  мы  першы  год  убіралі кукурузу  на зерне. Намалацілі 100 тон.

У гэтым годзе, акрамя  КВК-800,  мы атрымалі новы зернеўборачны камбайн GS1218.  Збожжавыя культуры ў асноўным  убралі  двума сваімі камбайнамі. На дапамогу сёлета  прыехаў  толькі адзін  камбайн  (у мінулым годзе — восем).

Сітуацыя ў гаспадарцы зараз няпростая. З-за недахопу механізатараў і тэхнікі  сваімі сіламі на ўсіх работах сельгасарганізацыя справіцца не можа. З правядзеннем  ворыва  не  першы сезон  дапамагае СУП “Сварог-Агра”.

З гэтага года ААТ “Суцінскі” плануе займацца вырошчваннем насення траў. Цімафееўка, кастрэц, канюшына  добра растуць на суцінскіх землях.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *