Гаспадаркі раёна прыступілі да палявых работ

Механізатар Віталь Кураў.

Ранняя вясна дыктуе свае ўмовы працаўнікам сельскай гаспадаркі. У многіх гаспадарках раёна тэхніка ўжо выйшла ў поле.

У ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс”  прыступілі да закрыцця вільгаці.  Выконвае работы механізатар Аляксей Яловы. Перад гэтым на палеткі былі ўнесены  пад поўную патрэбу калійныя і азотныя ўдабрэнні.

На пробных участках ужо пачалі сеяць яравы авёс.  Аграном ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” Дзяніс Адзярыха, для якога гэта трэцяя пасяўная ў гаспадарцы,  задаволены тым, як прайшла зімоўка азімых культур — пшаніцы, трыцікале і рапсу. Яны добра перанеслі неспрыяльныя ўмовы зімы без снегу. Яравыя зерневыя плануюць пасеяць у самыя сціслыя тэрміны — за дзесяць дзён.

Кадрамі механізатараў тут укамплектаваны поўнасцю. Калі работы пачнуцца поўным ходам,  будуць задзейнічаны энерганасычаныя трактары, тры дыскатары, чатыры сеялкі, чатыры МТЗ-1221 і іншая тэхніка. Дарэчы, усе агрэгаты, якія першымі выйшлі ў поле, да работы былі гатовы яшчэ ў канцы мінулага года. Рамантавалі іх сваімі сіламі. З такім паркам тэхнікі і ўкамплектаванасцю кадрамі выканаць намечаныя планы будзе рэальна.

Зараз, пакуль масава не прыступілі да сяўбы яравых,  у сельгасарганізацыі стараюцца выконваць увесь комплекс падрыхтоўчых работ.  Напрыклад, Віталь Кураў працуе на ворыве глебы. На МТЗ-3022 ён выконвае гэтую работу на 18-20 гектарах у дзень.

Як адзначыў Дзяніс Адзярыха, калі дазволіць надвор’е, у першую чаргу пасеюць 100 гектараў аўса. Ячмень зойме 650, пшаніца —  300 гектараў. У гэтым годзе плануюць пасеяць больш кукурузы: замест 500 гектараў  — 700, каб забяспечыць паўтарагадовы запас кармоў. Аднак  сеяць гэтую культуру будуць апошняй, калі зямля добра прагрэецца.

Фронт работ з кожным днём пашыраецца. Вясна прыспешвае…

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *