Гаспадаркі раёна вядуць сяўбу шматгадовых траў

Дзмітрый Бабінскі.

Непрадказальнае вясновае надвор’е ўносіць свае карэктывы ў работу земляробаў. Перапады тэмператур пакуль не дазваляюць разгортваць сяўбу яравых збожжавых культур, але гэты момант можна выкарыстаць для сяўбы шматгадовых траў, што і імкнуцца рабіць зараз у шэрагу гаспадарак раёна.

У ААТ «Племянны завод «Індустрыя» сяўбой шматгадовых траў заняліся на мінулым тыдні. У гаспадарцы закладваюць новыя пашы і сенакос.

Першымі пачалі сеяць шматкампанентныя травасумесі, якія складаюцца з чатырох  культур: фестулоліума, райграса, канюшыны і цімафееўкі. Пакуль былі спрыяльныя ўмовы надвор’я, Дзмітрый Бабінскі паспеў   пасеяць   20   гектараў.

— Навукоўцы рэкамендуюць сеяць  яравыя збожжавыя культуры  ў цёплую зямлю. А вось, напрыклад, канюшыну можна сеяць па ледзяной скарынцы, — гаворыць аграном-аграхімік ААТ «ПЗ» Індустрыя» Дзмітрый Пішчык. — Усяго мы плануем пасеяць 500  гектараў   траў,  у  тым ліку і канюшыну ў чыстым  выглядзе.  Ужо  гэтым  летам пашы  можна   будзе    выкарыстоўваць. Размешчаны яны побач з фермамі. Першымі засяваем палі каля МТФ «Пухавічы».

Пакуль у гаспадарцы сеюць сваім насеннем, аднак канюшыну лугавую закупілі ў ААТ «Зазерка». Таксама плануецца набыць шматкампанентныя травы ў спецыялізаванай фірме. Адразу ж  уносяць калійныя ўдабрэнні.

Калі ўсталюецца больш цёплае надвор’е, разгорнецца і сяўба яравых збожжавых культур.

Анастасія ПЛЯТНЁВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *