Гаспадаркі рыхтуюцца да жніва

Рамонтам камбайна займаецца механізатар СУП «Дукора-Агра» Віктар Мялаў.

Хутка пачнецца час уборкі рапсу, пасля падаспеюць і збожжавыя культуры. У гаспадарак застаецца няшмат часу, каб своечасова і якасна падрыхтаваць тэхніку. Аднак рамонтам камбайнаў займаюцца не ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах.

На ўборцы рапсу будуць задзейнічаны звыш сарака камбайнаў. Пакуль выехаць на палеткі гатовы толькі шаснаццаць. Дарэчы, машынна-трактарны парк раёна сёлета папоўнілі дзесяць новых КЗС-1218 “Палессе GS12”.

— Пакуль рамонт камбайнаў вядзецца слабымі тэмпамі. Позні старт пасяўной і  больш ранняя корманарыхтоўчая кампанія наклалі свой адбітак, — адзначае  начальнік інспекцыі Дзяржтэхнагляду раёна Дзяніс Шырокі. — Cкладаная сітуацыя ў ААТ “Ражджэственскае-агра”. Там пакуль не рамантуецца ні адзін з чатырох камбайнаў.

У ЭБ “Зазер’е” на ўборачную выйдуць шэсць камбайнаў. Іх толькі знялі з захоўвання, да рамонту не прыступілі. Як адзначыў дырэктар гаспадаркі Дзмітрый Гайцукевіч, механізатары яшчэ задзейнічаны на кормаўборцы. Як толькі завершаць гэты від работ, адразу займуцца рамонтам. Але ж часу на гэта застаецца ўсё менш.

У сельгасфіліяле “Чырвоны Май” сітуацыя таксама далёка не лепшая. Камбайн, які гаспадарка атрымала ў мінулым годзе, у спраўным стане.  Рамонт астатніх чатырох  машын яшчэ не пачыналі.

Прыемную карціну мы ўбачылі на мехдвары СУП “Дукора-Агра”. Тут рамонт ідзе поўным ходам. Механізатары завіхаюцца каля камбайнаў. На ўборачную выйдуць шэсць сваіх экіпажаў і адзін камбайн з ААТ “Машхарчпрад”. Усе камбайнеры будуць працаваць з памочнікамі.

— На дадзены момант камбайны на рознай стадыі падрыхтоўкі, бо іх тэхнічны стан залежыць ад года выпуску, — адзначае галоўны інжынер СУП “Дукора-Агра” Аляксандр Барычэўскі. —  Запчасткі, асабліва на нямецкія камбайны, каштуюць вельмі  дорага. У бліжэйшыя дні атрымаем усе неабходныя дэталі і да пачатку ўборкі рапсу будзем гатовы  ехаць у поле.

Аптымістычныя прагнозы робіць таксама галоўны інжынер ААТ “Племянны завод “Індустрыя” Віталь Бакіноўскі. У гаспадарцы дзевяць збожжаўборачных камбайнаў. Адзін з іх новы. Яго даверылі Сяргею Ляшчынскаму.

— Пакуль  тэхніка гатова на 40 працэнтаў.  Мы чакаем неабходныя запчасткі. За выхадныя дні  ў рамонце тэхнікі зробім значны крок наперад, — расказвае Віталь Аляксандравіч. — Cпраўляемся сваімі сіламі.

З лепшага боку начальнік інспекцыі Дзяржтэхнагляду адзначыў таксама адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Зазерка”, “Голацк” і  “Агра-Абярэг”. Кіраўніцтва і інжынерныя службы гэтых гаспадарак адказна падышлі да рамонту камбайнаў.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *