Гісторыя аднаго воінскага пахавання

Гісторыя гэта пачалася з  чалавека,  які  заўсёды неабыякава ставіўся да гісторыі сваёй Радзімы, цікавіўся ваеннымі пахаваннямі,   удзельнічаў у навядзенні парадку на іх.

Ён і яго сябры-аднадумцы са страйкбольнага клуба «Белы мядзведзь» добраўпарадкавалі помнікі і воінскія пахаванні на тэрыторыі раёна, а таксама бывалі і за яго межамі.

Каля магілы Аляксандра Шабаева

— Я ведаў практычна пра ўсе воінскія пахаванні на тэрыторыі Блонскага сельсавета, дзе пражываю са сваёй сям’ёй, але не мог адшукаць адно, якое, як мне памяталася з дзяцінства, было ў лесе, — гаворыць Максім Губанаў. — Не раз спецыяльна хадзіў у лес у раёне Паповай Горкі, але не мог ніяк знайсці тое месца.   Думаў, што гэта ўжо і не здарыцца.  Аднак неяк зімой разам з сынам мы выйшлі якраз на гэта адзіночнае пахаванне.  Яно было недагледжаным  і  без якіх-небудзь апазнавальных знакаў. І мы з сябрамі пачалі шукаць інфармацыю. Я прагледзеў усе даступныя сайты, банкі дадзеных загінуўшых салдат  і  партызан,  звяртаўся ў ваенкамат,  сельвыканкам. Так мы агульнымі намаганнямі вялі  пошук.

Вынік далі апытанні старажылаў.  Атрыманая  інфармацыя  вывела  на  жыхарку Мар’інай Горкі Наталлю Гіліцкую. І дзякуючы ёй, гісторыя паходжання адзіночнай  магілы нарэшце канчаткова  высветлілася.

— Тут пахаваны муж маёй цёткі Аляксандр Шабаеў, — расказвае Наталля Аляксееўна. — Цётка жыла ў Блоні, працавала на пякарні. З Аляксандрам яны сталі жыць разам перад самым пачаткам вайны. Фашысты ў 1943 годзе даведаліся, што ён звязаны з партызанамі і прасачылі, калі Аляксандр прыйшоў у вёску.  Забралі яго ноччу проста, так сказаць, з печы. Расстралялі на Паповай Горцы. Хаваць на могілках не дазволілі. І праз два дні цётка Насця пахавала мужа ў лесе.  Пасля вайны цётка замуж так і не пайшла. І кожны раз на 9 мая прыходзіла на магілу Аляксандра. І я часта хадзіла разам з ёю.

Аляксандр Шабаеў

Члены страйкбольнага  клуба «Белы  мядзведзь» аб’ядналі свае намаганні і прывялі пахаванне ў парадак, зрабіўшы і ўсталяваўшы  таблічку  з  імем  Аляксандра  Шабаева (яно, дарэчы, ёсць і на помніку загінуўшым землякам у Блоні). У Дзень Перамогі на месца пахавання энтузіясты прыехалі разам з Наталляй Аляксееўнай. Там яна і расказала сямейную гісторыю.

— Цяпер лясная магіла не безыменная, — кажа Максім Губанаў.  — Хочацца, каб імёны ўсіх, хто абараняў радзіму ад фашыстаў,  былі вядомы. Нашы дзеці павінны памятаць гісторыю і людзей, якім мы абавязаны мірным небам над галавой. Таму мы не толькі самі штогод на Дзень Перамогі наведваем памятныя мясціны, але абавязкова бярэм з сабой дзяцей.

Старшыня Блонскага сельвыканкама Алена Гнядзько была непасрэдным удзельнікам усёй гэтай гісторыі з устанаўленнем асобы пахаванага чалавека. Яна захоплена тым, што зроблена гэтымі пухавіччанамі-энтузіястамі.

— Яны праявілі такую настойлівасць, якая ў рэшце рэшт увянчалася поспехам, — кажа Алена Іванаўна. — Мы ж са свайго боку зрабілі ўсё неабходнае для таго, каб магіла на Паповай Горцы была ўключана ў рэестр  пахаванняў  часоў  Вялікай  Айчыннай  вайны.

Алена МАКСІМАВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *