Губляе восень фарбы
Ранняя восень — незвычайна прыгожы час года. Пагадзіцеся, ёсць нешта неверагодна рамантычнае ў тым, як зялёны колер мяняецца на жоўты, пунсовы, аранжавы… Але, на жаль, надыходзіць лістапад, і восень разам з апалай лістотай канчаткова губляе свае фарбы…
Тады ад сузірання прыгажосці мы пераходзім да навядзення парадку на вуліцах і ў парках. У рамках месячніка па навядзенні парадку на традыцыйныя асеннія суботнікі выходзяць не толькі работнікі камунальнага прадпрыемства, але і большасць працоўных калектываў раёна. На мінулым тыдні яны прыводзілі ў парадак замацаваныя тэрыторыі, а таксама працавалі ў месцах агульнага карыстання.
Прыбраць лістоту ў гарадскім парку, зялёнай зоне за палацам культуры і ў парку Новай Зары камунальнікам дапамагалі работнікі Пухавіцкага лясгаса, Пухавіцкага раёна газазабеспячэння, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, вузла сувязі, упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і іншыя. Толькі ў пятніцу на вывазе лістоты было задзейнічана 5 адзінак камунальнай тэхнікі. Аднак работы па навядзенні парадку яшчэ працягнуцца. І, пэўна, у першую чаргу пра гэта трэба падумаць тым, хто яшчэ не прыняў удзел у агульнай справе.
Алена ІВАНОВА.