Гублялі палкі, лыжы, але не настрой — як прайшла «Пухавіцкая лыжня-2021»

Павел Фадзееў з жонкай Наталляй і сынам Андрэем.

Настаўнік фізкультуры  Азярычынскага  НПК  дзіцячы  сад-сярэдняя  школа   Павел  Фадзееў  прыйшоў на  фініш у індывідуальным забегу  «Пухавіцкай лыжні-2021» першым  у сваёй узроставай  катэгорыі, што для яго самога, напэўна, стала прыемным сюрпрызам.

— Я, на жаль, ужо 17 гадоў на лыжах не стаяў, — дзяліўся эмоцыямі на фінішы Павел. — Дастаў іх і таму, што трэба сваіх вучняў вучыць авалодваць зімовымі відамі  спорту, і таму,  што падрос сын, якому мы  ўжо набылі лыжы.  Хацелася асабістым прыкладам паказаць, што ўмець хадзіць на лыжах — гэта добры і карысны навык.  І, вядома, прадставіць наш педагагічны калектыў. Шчаслівы, што гэта ўдалося зрабіць.

Студзень у гэтым годзе даў аматарам зімовых відаў спорту і забаў успомніць  некалькі пазабытыя зімовыя эмоцыі ад катання на каньках і санках, а таксама адчуць спаборніцкі дух на традыцыйных  лыжных гонках «Пухавіцкая лыжня».  Яна прайшла ў мінулую суботу на гарадскім стадыёне. Трэба сказаць, што гэта здарылася аж праз тры гады пасля апошняй раённай лыжні: менавіта на такі тэрмін умовы надвор’я зрабілі нам «перапынак».

— На агульнакамандныя старты выйшла 19 каманд, — каментуе падзею галоўны суддзя спаборніцтваў Дзяніс Рыжакоў. — Удзельнікі лыжні прадстаўлялі прадпрыемствы і арганізацыі раёна.  Трэба сказаць, што колькасць каманд парадавала: гэта была ледзь не самая шматлікая лыжня за апошні час.

Каманда ААТ «Машхарчпрад».

Відавочна, што ўсе імкнуліся да перамогі, стараліся, падтрымлівалі адзін аднаго.  Заўсёды прыемна глядзець, як на такіх мерапрыемствах праяўляецца калектывізм, як балель-шчыкі падтрымліваюць тых, хто выступае ў камандзе.  Не магу не адзначыць работу судзейскай брыгады.  Усе суддзі адпрацавалі прафесійна.  Ніякіх пратэстаў з боку каманд  не  было.  Спадзяюся, што кожны ў гэты суботні дзень атрымаў зарад добрага настрою, пазітыўныя эмоцыі і добра правёў час.

Прадказаць, хто будзе фаварытам спаборніцтваў, не ўзяўся ніхто: немагчыма было ўявіць, якія каманды сфарміравалі для ўдзелу ў лыжні прадпрыемствы і арганізацыі ў гэтым годзе.  Тым больш цікава было назіраць за тым, як праходзілі забегі.

А вось тое, што на лыжню выйшлі лыжнікі з розным узроўнем падрыхтоўкі, нечаканым не было.  Так адбываецца заўсёды. Хтосьці выдатна валодае каньковай хадой, глядзець на якую вельмі прыемна, і я, прызнаюся, гэта раблю з пэўнай доляй зайздрасці, таму што сама так не ўмею.  Хтосьці выдатна ідзе класікай.  А хтосьці проста ідзе, таму што падтрымлівае сваіх сяброў… Таму не дзіўна, што на лыжні здараліся розныя неспадзяванкі: хтосьці падаў, у кагосьці губляліся палкі, лыжы.  Не губляўся толькі настрой.  Ён і ў пераможцаў, і ў прызёраў быў добрым.

Па выніках камандных эстафет трэцімі сталі прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. 

На другую прыступку п’едэстала ўзнялася каманда ветэранаў спорту, якая ў сваім поспеху практычна не сумнявалася, таму што кожны з яе ўдзельнікаў дакладна не ўчора дастаў інвентар з паліцы і дакладна не ўчора выйшаў на пробную прабежку.  Пухавіцкія ветэраны цэлы год падтрымліваюць сябе ў форме, актыўна ўдзельнічаюць як у раённай спартакіядзе, так і ў абласных і нават рэспубліканскіх спаборніцтвах.  Многія з палкамі не расстаюцца і летам: займаюцца скандынаўскай хадзьбой.

Лепшай камандай па выніках спаборніцтваў стала каманда Пухавіцкай МПМК-14.  Удзельнікам яе спатрэбілася 17 хвілін і 30 секунд для таго, каб прайсці 4 этапы эстафеты. Апошняй на фінішы камандзе, для прыкладу, спатрэбілася на тое ж 36 хвілін і 30 секунд. Так будаўнікі яшчэ раз даказалі, што для калектыву здаровы лад жыцця — гэта не проста словы.

Каманда ТАА «Пухавіцкая МПМК-14».

Узнагароды камандам і пераможцам індывідуальных забегаў уручылі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Прановіч і намеснік старшыні райвыканкама Наталля Чарнышова.

Пераможцаў у асабістых заліках было, дарэчы, нямала, таму што яны вызначаліся ў розных узроставых групах.  Сярод мужчын лепшымі былі Дзмітрый  Мірановіч, Павел Фадзееў, Валерый Качаргін, Уладзімір Бабук, Уладзімір Іванчанка. Сярод жанчын —  Святлана Баешка, Таццяна Красіцкая, Галіна Паскробка.

Наталля Чарнышова і Аляксандр Прановіч віншуюць Святлану Баешка.

Любоў Ткачук — настаўнік фізічнай культуры СШ №3 горада Мар’іна Горка, ветэран спорту, нязменны ўдзельнік раённых спаборніцтваў на гэты раз прыйшла на раённую лыжню ў якасці балельшчыка.  Пакуль беглі першыя каманды, паспела расказаць мне апошнія навіны з абласных спаборніцтваў для школьнікаў «Снежны снайпер», якія адбыліся напярэдадні раённай лыжні.  На іх ездзілі пераможцы і прызёры раённых спаборніцтваў «Снежны снайпер» — вучні з Мар’інагорскай гімназіі, СШ №3, СШ № 1 пасёлка Дружны, Ананіцкага НПК  дзіцячы сад-сярэдняя школа.

Лепшыя ў катэгорыі 40-49 гадоў: Сяргей Зінкевіч, Валерый Качаргін, Уладзімір Татарнікаў.

— Рыхтавалі дзяцей, акрамя мяне, Іван Вергяенка і Ігар Зіятдзінаў.  Каманда наша, праўда, не заняла прызавыя месцы, — расказала Любоў Ткачук.— Але мы ўпершыню за ўвесь час удзелу змаглі трапіць у шасцёрку наймацнейшых.  Гэта добры вынік.  Ёсць надзея, што мы зможам яго палепшыць, таму што малодшыя школьнікі, напрыклад, паказалі выдатную работу на стралковых рубяжах.  Усе практычна адстраляліся без промахаў.

Магчыма, ужо ў наступным годзе юныя пухавіччане сапраўды парадуюць нас.  А яшчэ праз некалькі гадоў многія з іх, напэўна, прыйдуць на змену тым, хто сёння не лянуецца ўдзельнічаць у лыжных гонках, адстойваючы гонар свайго працоўнага калектыву і атрымліваючы задавальненне ад таго, што стаў на лыжы, а не застаўся дома…

P.S. Больш фотаздымкаў —  у нашых групах у сацыяльных сетках.

Алена  ШАНТЫКА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *