…І гэта вар’яцтва адбываецца з году ў год

Парк — месца для сямейнага адпачынку: сюды прыходзяць і дзеці, і дарослыя. Вось толькі часам тое, як бавяць час гараджане, культурным вольным адпачынкам назваць нельга. Пра гэта вам раскажуць паламаныя лаўкі,  сметнікі, раскіданыя бутэлькі (у тым ліку і ад напояў з градусамі), абгорткі ад чыпсаў, цукерак… І гэта вар’яцтва адбываецца з году ў год.

— Калі мы ўстанаўліваем у парку ці на вуліцах горада новыя лаўкі або архітэктурныя формы, заўсёды робім гэта з дваістым пачуццём. Вядома, прыемна ўсведамляць, што мы парадуем чымсьці новым гараджан. Але першае пытанне, якое ў гэты час мы задаём сабе: ці надоўга хопіць той  лаўкі або скульптуры? — расказвае намеснік генеральнага дырэктара УП «Жылцепласэрвіс» КГ Ірына Зянько. —  Мы ўжо неаднаразова рамантавалі лаўкі з цэнтральнай алеі парка. Больш за тое, вымушаны былі прымацаваць іх да пліткі, таму што кожную раніцу нашым работнікам прыходзілася ставіць лаўкі на месца пасля адпачынку шумных кампаній моладзі.

Так, мы выконваем сваю працу, але, калі шчыра, адчуваем негатыўныя эмоцыі і непаразуменне: ну чаму  ж нельга весці сябе па-чалавечы?..

Цяперашняе лета не стала выключэннем. Лаўкі, што на летняй канцэртнай пляцоўцы, увесну былі прыведзены ў парадак. А зараз зноў іх зламалі.

А ў гэтыя спякотныя летнія дні дабавіліся і «пляжныя» праблемы: народ адпачывае і пакідае такія ж сляды сваёй прысутнасці. Пляжная зона штораніцы нагадвае сапраўдную звалку. Многія не лічаць патрэбным прыбраць за сабой смецце, вынесці бутэлькі. Больш за тое, кабінкі для пераапранання выкарыстоўваюць зусім не па прызначэнні. Прызнаюся, нават пісаць пра гэта непрыемна. А што казаць людзям, якія вымушаны прыбіраць пляж?..

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *