І зноў над зямлёй пераможны май…

Івана Сямёнавіча Атрашэўскага напярэдадні 9 Мая традыцыйна наведваюць работнікі Турынскага сельвыканкама і работнікі  лясгаса, дзе пасля вайны працаваў жыхар вёскі Вугалец.  Зямляк, ветэран, проста добры чалавек — прыязджаць да яго, па словах старшыні сельвыканкама Святланы Харытончык, заўсёды прыемна.

Сустрэлі мы Івана Сямёнавіча ў садзе, дзе стаяў незвычайны водар ад квітнеючых дрэў — водар перамогі ў адной з самых страшных войнаў, якія ведала чалавецтва.

— А што ўжо ў маім узросце рабіць, калі не адпачываць? — жартуе ветэран, адказваючы на прывітанне, і з цікавасцю разглядае гасцей.  Усіх іх Сямёнавіч добра ведае, бо жывуць столькі гадоў побач.  Да таго ж, раней, калі дазваляла здароўе, Іван Атрашэўскі быў пастаянным госцем усіх святочных майскіх мерапрыемстваў.  Сёння ж, вядома, гады бяруць сваё.  Аднак ветэран заўсёды рады любому, хто  за-глядае ў госці.  Ёсць падстава пагаварыць, задаць пытанні, даведацца пра навіны вёскі, разам успомніць былое.  А перад Днём Перамогі  гаворка часцей ідзе пра вайну.

Успаміны даюцца нялёгка.  Час партызанскага юнацтва Івана Сямёнавіча, якое прайшло ў атрадзе імя Чапаева, —  час няпросты.  Голад, холад, смерць родных і блізкіх лю-дзей… З узростам, канешне, многае сціраецца з памяці.  Але не карціны вайны.

— Людзі павінны жыць у міры, — выціраючы скупыя мужчынскія слёзы, коратка кажа ветэран. Ён добра ведае кошт гэтаму квітнеючаму мірнаму маю.

І ў гэтых словах  — уся сутнасць Перамогі.

Алена  ІВАНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *