Ігар Міхайлавіч Лучанок адзначыў сваё 80-годдзе

«Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Спадчына», «Алеся», «Вераніка», «Майскі вальс», «Дарагія  мае  землякі», «Верасы», «Хатынь», «Калі б камяні маглі гаварыць», «Пісьмо з 45-га». Калі б кампазітар Ігар Лучанок напісаў нават адну з гэтых песень, яго  імя ўсё роўна назаўсёды  засталося  б у гісторыі беларускага музычнага  мастацтва. На самай справе Ігар Лучанок — аўтар 400 песень,  шматлікіх кантат, санат, вакальных цыклаў, музыкі да кінафільмаў. Ён напісаў гімн  Саюзнай дзяржавы. Мелодыю   яго «Песні пра Мінск»  кожную гадзіну адбіваюць куранты на  Мінскай ратушы.

Ігар Лучанок — чалавек, чыя творчасць стала цэлай эпохай у развіцці музычнага мастацтва. І як прыемна ўсведамляць, што ён  мае непасрэдную сувязь з нашым краем. Ігар Міхайлавіч нарадзіўся  6 жніўня 1938 года ў Мінску, праз  тры месяцы сям’я пераехала ў  Мар’іну Горку. У час  вайны, з 1942 по 1946 год, Лучанкі жылі  ў Сальску ў Растоўскай вобласці. А потым зноў вярнуліся ў Мар’іну Горку, дзе бацька кампазітара працаваў  галоўным урачом чыгуначнай  паліклінікі.

Будучы кампазітар захапіўся музыкай яшчэ ў дзяцінстве. Спачатку закончыў музычную школу па класе піяніна і цымбалаў, у 1961 годзе —  Беларускую  дзяржаўную кансерваторыю, стажыраваўся ў Ленінградскай кансерваторыі, у 1967 годзе скончыў аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі. Працаваў выкладчыкам музыкі, з 1982 па 1986 год — рэктар Беларускай кансерваторыі.

Творчы шлях Ігара Лучанка пачаўся ў 60-я гады.  У 1966 годзе на першым Усесаюзным конкурсе савецкай песні з  баладай  «Памяць сэрца» кампазітар Ігар Лучанок, паэт Міхаіл Ясень і спявак Віктар Вуячыч сталі пераможцамі сярод знакамітых аўтараў і выканаўцаў.

Потым былі камсамольскія пуцёўкі  на ўдарныя будоўлі. З канцэртнымі брыгадамі малады кампазітар  ездзіў па розных рэспубліках Савецкага Саюза  і ў замежныя краіны. Так нараджаліся новыя песні  «Мы идем по стране», «Песня памяти Виктора Хары», «Комсомольская юность», «Стоят на рейде наши бригантины» і многія іншыя.

Ігар Міхайлавіч заўсёды любіў народную песню, ездзіў па Беларусі ў фальклорныя экспедыцыі і працаваў у розных жанрах.  З яго твораў фарміраваліся рэпертуары Іосіфа Кабзона, ансамбля «Песняры», аркестра Міхаіла Фінберга. Песні Лучанка з поспехам выконвалі Сафія Ратару, Валянціна Талкунова, Леў Лешчанка, Эдуард Хіль, Віктар Вуячыч, ансамблі «Сябры», «Верасы». Ігар Лучанок называе Уладзі-міра Мулявіна самародкам, які прыехаў з Свярдлоўска і зрабіў рэвалюцыю ў савецкай эстрадзе, у сучаснай беларускай музыцы.  Кампазітар перакананы, што лепш за Мулявіна яго песню «Жураўлі на Палессе ляцяць» ніхто не спяе. Ігар Міхайлавіч  займаў актыўную жыццёвую пазіцыю, працаваў з моладдзю.

Ён узначальваў  журы «Славянскага базару».   Абласны фестываль народнай творчасці «Напеў зямлі маёй», які  атрымаў прапіску ў Мар’інай Горцы, не раз праходзіў з удзелам знакамітага земляка.  Па яго ініцыятыве на нашай зямлі нарадзіўся яшчэ адзін музычны фестываль — «Майскі вальс».

Жыхары раёна ведаюць свайго земляка і ганарацца ім. У раённым краязнаўчым музеі ёсць экспазіцыя, прысвечаная творчасці  Ігара Лучанка. На былым будынку чыгуначнай амбулаторыі  прымацавана памятная шыльда аб тым, што ў нашым горадзе жыў знакаміты кампазітар. Ёсць прапанова стварыць музей кампазітара ў яго родным доме,  які стаіць на адной з ціхіх вуліц Мар’інай Горкі. Сюды часта прыязджае Ігар Міхайлавіч. У нашым горадзе ў яго шмат сяброў і добрых знаёмых, якія рады кожнай добрай падзеі ў жыцці кампазітара. У панядзелак  старшыня Саюза кампазітараў, Заслужаны  дзеяч мастац-тваў Беларускай ССР, Народны артыст Беларускай ССР, Народны артыст СССР, Заслужаны дзеяч культуры Польшчы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, шматлікіх узнагарод і конкурсаў,  уладальнік імянной зоркі на Плошчы Зорак Эстрады каля канцэртнай залы «Расія» ў Маскве  Ігар Міхайлавіч Лучанок адзначыў сваё 80-годдзе.  Да юбілею  Ганаровага  грамадзяніна Мінска  ў сталіцы  адкрыта выстава,  быў зняты і фільм  пра вядомага кампазітара. Выставы, прысвечаныя Ганароваму грамадзяніну Мар’інай  Горкі, арганізаваны і  ў нашым раёне. Хочацца спадзявацца, што не забыліся пра юбілей свайго Ганаровага  грамадзяніна і ў горадзе  Сальску  Растоўскай вобласці. Бо на  песнях  Ігара Лучанка вырасла не адно пакаленне, гэта залатая спадчына беларускага музычнага  мастацтва.

А песня «Мар’іна Горка» будзе заўсёды візітнай карткай нашага горада.

Вольга  ЛУГАВАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *