Каля вёскі Караваева Пухавіцкага раёна можна «пісаць карціны»
Мясціны каля вёскі Караваева прыгожыя. Лес, рака, поле… Здавалася б, глядзі і атрымлівай асалоду ад дзіўнай беларускай прыроды ў майскай зеляніне. Але ж не…
На жаль, з таго месца за вёскай, дзе мы спыніліся, гэта можна было зрабіць, толькі адвярнуўшыся ад лесапасадак, бо з левага боку дарогі проста ўвяла ў жах звалка з бытавога і будаўнічага смецця, якая расцягнулася на дзясяткі метраў. Вось ужо сапраўды кантраст: справа неверагодна прыгожы пейзаж (хоць карціну пішы), а злева — лес, ператвораны людзьмі ў палігон для смецця.
— Карціна гэтая, безумоўна, вельмі засмучае, — кажа начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Юрый Кур’яновіч. — Яна — вынік абсалютна варварскіх, эгаістычных, безадказных паводзін людзей. Ну, уявіце свядомасць таго чалавека, які вывозіць за вёску, у лесапасадкі або на абочыны дарог не толькі адходы расліннасці, але і блокі, цагліны ад разабраных печак, старую мэблю, старыя вокны і нават звычайнае бытавое смецце, адзенне, абутак. Усё гэта мы бачым тут, за Караваева. Аднаго толькі шкла на звалцы збярэцца каля тоны. А яго можна было здаць у якасці другаснай сыравіны і атрымаць грошы (8 капеек за 1 кілаграм).
Засмучае эколагаў яшчэ і тое, што, нягледзячы на вялікую тлумачальную работу, якую з насельніцтвам праводзяць і яны, і камунальнікі, грамадзяне часам проста здзіўляюць абсалютным няведаннем правіл збору адходаў. Высвятляецца, што хтосьці ўпершыню чуе, што смецце неабходна збіраць асобна, хтосьці не мае ўяўлення, што па заяўцы да вас можа прыехаць экамабіль і забраць старыя электрапрыборы або другасную сыравіну (яшчэ і грошы выплацяць). Далёка не ўсе ведаюць, што на камунальным прадпрыемстве можна таксама заказаць тэхніку для вывазу будматэрыялаў або старой мэблі. Пра прыём аўтапакрышак на станцыі сартавання адходаў таксама чулі не ўсе. Але нават калі і чулі, аўтары такіх вось звалак не жадаюць прадпрымаць ніякіх дзеянняў. Выкінуў, куды вочы глядзяць, — вырашыў праблему. Фантазія не намалюе карціну, што б магло быць, калі б так рабілі ўсё.
Не толькі засмучае, але ўжо і насцярожвае той факт, што такую карціну можна ўбачыць не толькі каля Караваева.
— З 2012 года ў раёне былі ліквідаваны каля 60 міні-палігонаў і наладжана сістэма збору адходаў, — кажа Юрый Кур’яновіч. — Яна ўключае ў сябе вываз смецця з кантэйнерных пляцовак і падваравы аб’езд. Можна называць сістэму недасканалай, але яна працуе, і любы адказны чалавек можа вырашыць праблему з вывазам любых адходаў. Зборам ахоплены ўсе населеныя пункты. Заключана каля 95 працэнтаў дагавораў на аказанне паслугі з насельніцтвам раёна. Але гэтага, аказваецца, камусьці недастаткова, раз зноў і зноў з’яўляюцца стыхійныя звалкі. З іх аўтарамі мы ў апошні час актыўна змагаемся. Не лічым ганебным для сябе нават вывучаць склад вывезеных адходаў, які падказвае нам адрас парушальнікаў. Некалькі разоў атрымалася давесці справу аб парушэнні экалагічнага заканадаўства да суда і дабіцца, каб вінаваты атрымаў пакаранне. Дапамагаюць у гэтай справе і фотапасткі, устаноўленыя ў некаторых месцах. Але, звярнуўшы ўвагу на трывожную тэндэнцыю і спробы вяртання ў нядаўняе мінулае з вялікай колькасцю міні-палігонаў (практычна ля ўсіх буйных вёсак), неабходна актывізаваць работу з насельніцтвам, тлумачачы як правілы экалагічных паводзінаў, так і спосабы пакарання за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства. Да гэтай работы павінны падключыцца сельскія Саветы, дэпутацкі корпус, старэйшыны вёсак, грамадскія арганізацыі, школы, прадпрыемствы і арганізацыі нашага раёна.
Да людзей трэба зноў і зноў данесці галоўную думку: ужо сёння мы фарміруем патэнцыйна небяспечнае асяроддзе пражывання для сваіх дзяцей і ўнукаў.
Мы павінны, я ўпэўнена, адказваць за кожны свой учынак, павінны разумець, калі мы нешта робім дрэнна. І не толькі з-за пагрозы быць пакаранымі. А проста, па-чалавечы…
Такія звалкі, на шчасце, час ад часу прыбіраюць. Гэта ставіцца ў абавязкі землекарыстальніка. Ён абавязаны знайсці людзей, тэхніку, грошы і прыбраць смецце. Думаеце, хтосьці гэта робіць з радасцю ад таго, што было аднята столькі сіл і сродкаў? Мне, калі шчыра, асабіста шкада кожнага, хто ліквідуе наступствы такога людскога варварства.
…Я зрабіла на гэтай звалцы з дзясятак фатаграфій. Мы не можам апублікаваць усе, каб даць максімальна магчымае ўяўленне пра тое, што нашы грамадзяне выкідваюць не ў кантэйнер, а ў лес і поле. Проста паверце, гледзячы на ўсё гэта, становіцца сорамна. Так, і мне асабіста сорамна за тых, хто такое зрабіў, свядома ператварыўшы кавалак роднай прыроды ў звалку. Не ведаю, якія трэба знайсці словы, каб дастукацца да тых, у каго падымаецца рука ўчыняць падобнае ў наш час, калі няма ніякіх невырашальных праблем з вывазам і сартаваннем адходаў?! Але ведаю дакладна, што калі так і будзе працягвацца, то неўзабаве “атрымліваць асалоду” будзем толькі ад таго, што сёння мы ўбачылі з левага боку дарогі…
Алена ШАНТЫКА.