Камунальнікі займаюцца добраўпарадкаваннем помнікаў і мемарыялаў
Уборка тэрыторый, афарбоўка, укладка тратуарнай пліткі — гэтыя і другія віды работ ужо не першы тыдзень выконваюць работнікі камунальнага прадпрыемства «Жылцепласэрвіс». Яны выкарыстоўваюць пагодлівыя дні для таго, каб пасля зімы навесці парадак на памятных мемарыялах воінам-вызваліцелям, на брацкіх магілах, месцах пахаванняў партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
— У гэты юбілейны год да добраўпарадкавання помнікаў і мемарыялаў, устаноўленых у знак перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне, асаблівы падыход, — кажа намеснік генеральнага дырэктара УП «Жылцепласэрвіс» КГ Ірына Зянько. — На балансе нашага прадпрыемства знаходзіцца некалькі ваенных помнікаў. На іх вядуцца работы па бягучым рамонце і навядзенні парадку на тэрыторыі. Так, каля абеліска Славы на прывакзальнай плошчы ў Мар’інай Горцы мы зрабілі ўмацаванне прыступак, паклалі плітку. Плануем выканаць і касметычны рамонт стэлы. Афарбаваць плануем таксама мемарыял у Новай Зары, помнік Токараву, помнік у пасёлку Праўдзінскі.
На месцах пахаванняў камунальнікі таксама пачалі працаваць: афарбоўваюць металічныя канструкцыі, праводзяць уборку. Работнікі прадпрыемства пабывалі ўжо на Паповай горцы, у Балачанцы.
Акрамя таго, прадпрыемства дапамагае па заяўках і сельвыканкамам у выкананні некаторых відаў работ па добраўпарадкаванні. Нядаўна, напрыклад, пачалі работы па ўкладцы пліткі да помніка ў Блоні.
Усё гэта робіцца дзеля таго, каб Пухавіччына дастойна сустрэла юбілейны Дзень Перамогі.
Алена ІВАНОВА.