Камунальныя службы раёна праводзяць санітарную апрацоўку пад’ездаў і вуліц
У красавіку камунальныя службы раёна па рэкамендацыі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі прыступілі да санітарнай апрацоўкі пад’ездаў шматкватэрных жылых дамоў, а таксама гарадскіх вуліц, дзіцячых пляцовак, прыпынкаў грамадскага транспарту, паркавых зон.
— Для прафілактычнай апрацоўкі пад’ездаў шматкватэрных жылых дамоў за ўласныя сродкі прадпрыемства былі закуплены канцэнтраты сродкаў дэзынфекцыі, 26 невялікіх распыляльнікаў і прафесійны аўтаматычны апарат для дэзынфекцыі (яшчэ два арэндуем у выратавальнікаў), — расказвае намеснік дырэктара УП «Жылцепласэрвіс» КГ па жылфондзе Ірына Каст. — Усё гэта было размеркавана па жыллёва-эксплуатацыйных участках, на абслугоўванні якіх знаходзіцца 987 пад’ездаў. Санапрацоўку пад’ездаў праводзім па графіках.
Работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі прыбіраюць пад’езды і праціраюць дэзынфекцыйным сродкам усе дзвярныя ручкі ў пад’ездах, агульныя выключальнікі, парэнчы, дамафонныя кнопкі, паштовыя скрыні. У шматпавярховых дамах, абсталяваных ліфтам, апрацоўваюць таксама ліфтавыя кабіны і кнопкі.
— Апрацоўцы падлягаюць усе без выключэння пад’езды. Нават тыя, дзе жыхары адмовіліся ад паслуг ЖКГ і прыбіраюць самастойна. Такіх пад’ездаў у нас 197, — адзначае Ірына Каст. — Дэзынфекцыя — для нас новая практыка работы, таму пакуль мы наладжваем працэс работы, вывучаем свае магчымасці. На жаль, штат работнікаў у нас не ўкамплектаваны цалкам. Работы па апрацоўцы жылфонду выконваюць сёння і рабочыя другіх спецыяльнасцяў — слесары-сантэхнікі, хаўс-майстры, рабочыя па комплекснай уборцы. У дзень атрымліваецца апрацаваць прыкладна 260 пад’ездаў.
Дэзынфекцыйныя мерапрыемствы праводзім таксама на кантэйнерных пляцоўках. Апрацоўку праходзіць і транспарт прадпрыемства.
Мы ўсе разумеем важнасць нашых дзеянняў і стараемся рабіць усё магчымае, каб выконваць графікі.
Алена ІВАНОВА.