Кіраўнік справамі Мінскага аблвыканкама Уладзімір Гурыновіч сустрэўся з калектывам цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Світанак»
Кіраўнік справамі Мінскага аблвыканкама Уладзімір Гурыновіч у рамках дзён інфармавання насельніцтва пастаянна бывае ў розных працоўных калектывах Міншчыны. Кажа, што на такіх сустрэчах цэніць абмен інфармацыяй: з аднаго боку, грамадзяне на месцах больш падрабязна даведваюцца аб тым, што адбываецца ў іншых рэгіёнах, з другога — работнікі аблвыканкама з першых вуснаў чуюць пра тое, што хвалюе людзей.
Сустрэча з працоўным калектывам цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Світанак» для Уладзіміра Гурыновіча пачалася з невялікай экскурсіі па цэнтры, падчас якой кіраўнік справамі Мінаблвыканкама пераканаўся, што ў нашым раёне створаны вельмі добрыя ўмовы для развіцця творчых здольнасцяў дзяцей у іх вольны ад вучобы час.
Далей Уладзімір Гурыновіч сустрэўся з педагогамі і спыніўся на некаторых аспектах развіцця Мінскай вобласці, адной з самых эканамічна моцных абласцей рэспублікі. ААТ «Беларуская калійная кампанія», ААТ «БелАЗ» — Кіруючая кампанія холдынгу «БелАЗ-Холдынг», холдынг «Мясамалпрам», ЗАТ «Штадлер Мінск», ААТ «Смалявічы бройлер», ЗАТ «Август-Бел», СЗАТ «БелДжы»… — гэта наша Міншчына.
З кожным годам вобласць пашырае межы супрацоўніцтва з краінамі блізкага і далёкага замежжа. Усё гэта — дадатковыя магчымасці для развіцця сацыяльнай сферы, якая штогод «прырастае» новымі дашкольнымі ўстановамі, аб’ектамі аховы здароўя.
Нельга не заўважыць, што Міншчына сёння — гэта яшчэ і велізарная будаўнічая пляцоўка, дзякуючы чаму тысячы жыхароў вобласці становяцца навасёламі.
Якой стане наша вобласць у будучыні, залежыць ад тых, хто сёння тут жыве і працуе. Уладзімір Гурыновіч акцэнтаваў увагу на важнай падзеі, якая адбудзецца ў Беларусі 9 жніўня. Ён заклікаў кожнага выканаць свой грамадзянскі абавязак і зрабіць выбар. Выбар сваёй будучыні.
Алена Максімава.