Крокі ў прафесію — маладыя спецыялісты дзеляцца сваім меркаваннем

Мікіта МІХАЛЕВІЧ, электраманцёр па эксплуатацыі размеркавальных сетак Пухавіцкага РЭС філіяла “Мінскія электрычныя сеткі”:

— Пасля заканчэння БНТУ мяне не чакала размеркаванне, бо я вучыўся платна. На шчасце, з пошукам працы праблем не ўзнікла: год таму праходзіў практыку ў Пухавіцкім РЭС, і мне прапанавалі вярнуцца. Я згадзіўся, і пакуль знаходжу  толькі плюсы. Жыву ў Мар’інай Горцы, таму жыллёвых праблем няма. З калегамі склаліся добрыя ўзаемаадносіны. Стаць запатрабаваным і паспяховым спецыялістам можна толькі  дзякуючы практыцы. Пухавіцкі раён электрасетак — выдатнае месца, каб атрымаць неабходны вопыт і  праявіць сябе.

Віялета ПЛЕШАВЕНЯ, настаўнік пачатковых класаў ДУА “Дрычынская базавая школа”:

— На выпускным вечары ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы я з нецярпеннем чакала першага працоўнага дня. Я вярнулася не толькі ў родны аграгарадок, але і ў родную школу. Добра ведаю людзей, з якімі працую, таму складанасцей няма.

Мае дзеці — вучні чацвёртага класа. У прафесію я  прыйшла па прыкладзе сваёй першай настаўніцы.

У школе я таксама з’яўляюся педагогам-арганізатарам. Мне падабаецца такая магчымасць крыху адысці ад заняткаў і пагрузіцца ў любы творчы працэс.

Андрэй БРЫВАЧ, дарожны майстар філіяла “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ-169”:

—  У арганізацыі я двойчы быў на практыцы падчас вучобы ва ўніверсітэце і  таму вярнуўся сюды ў якасці маладога спецыяліста.   Хачу падзякаваць старэйшаму калегу Уладзіміру Чырбе, які  стаў для мяне добрым настаўнікам. Лічу гэта вельмі правільным: замацоўваць за маладым спецыялістам вопытнага чалавека.

Пасля вучобы я вярнуўся ў родны горад. Упэўнены, што ў нашым райцэнтры можна паспяхова зрабіць першыя крокі па кар’ернай лесвіцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *