Кукуруза аддзячыла добрай ураджайнасцю

Уборка кукурузы ў раёне набліжаецца да экватара. У гэтым годзе ў большасці гаспадарак  “каралева палёў” радуе ўраджайнасцю.  Больш за 500 цэнтнераў з гектара атрымліваюць земляробы ААТ “Голацк”, больш за 400 — аграрыі сельгасфіліяла “Дрычын”.  Каля 360 цэнтнераў з гэктара складае ўраджайнасць у ААТ “Зазерка”, “Агра-Абярэг” і СУП “Дукора-Агра”.

Вясной пад злакавую культуру ў СГФ “Дрычын”  адвялі 620 гектараў. Ужо ўбрана 34 працэнты плошчаў.  Кукурузу ўбіраюць і на сілас, і на падкормку. На “Джон Дзіры” зялёную масу здрабняе мясцовы механізатар Дзмітрый Мацкевіч.  На КВК-800 яму дапамагае Аляксандр Туміловіч, які  камандзіраваны ў сельгасфіліял  з ААТ “Мінскі малочны завод №1”.

Механізатар Аляксандр Туміловіч.

— У дзень у сярэднім  здрабняю больш за 300 тон зялёнай масы. Вынік залежыць ад ураджайнасці, а гэты паказчык радуе: 413 цэнтнераў з гектара, — гаворыць Аляксандр Анатольевіч.

Аляксандр Туміловіч жыве ў Мар’інай Горцы. Яго прозвішча не раз гучала ў ліку лепшых працаўнікоў раёна. Падчас працы ў СУП “Сварог-Агра” ён неаднаразова станавіўся лепшым на ворыве.

На адвозцы штодзень  задзейнічана 7-8 адзінак тэхнікі,  у  залежнасці ад адлегласці ад поля да сіласнай траншэі.  Анатолю Сянько, Яўгену Давыдаву і  Дзмітрыю Горгуну дапамагаюць вадзіцелі ДУП “Пухавіцкае ПМС”, УП “Жылцепласэрвіс” КГ і іншых арганізацый раёна. На трамбоўцы таксама працуюць людзі з іншых арганізацый.

Вадзіцель Яўген Давыдаў.

— На гэтую пару  прыпадае  шмат відаў работ. Уся наша тэхніка цяпер задзейнічана на палях. Уладзімір Шыманскі займаецца ворывам на тых палях, дзе нядаўна была кормаўборачная тэхніка. Азімыя зерневыя сеюць Сяргей Прачкоўскі і Аляксей Шрэйдар, — расказвае галоўны аграном сельгасфіліяла “Дрычын” Галіна Сіпач. — Кукуруза аддзячыла нам  добрай ураджайнасцю не выпадкова. Арганіка, мінеральныя ўдабрэнні, своечасовыя хімпраполкі, якімі займаўся Аляксей Вальковіч, — гэта складнікі высокага  ўраджаю. Паспрыяла нам і цёплае надвор’е, якое любіць “каралева палёў”.

План нарыхтоўкі сіласу ў сельгасфіліяле — 11700 тон. На МТФ “Калінаўка” ўжо  заклалі сіласную траншэю на  2500 тон, на МТК “Новае сяло” — 3600 тон. У сярэднім за дзень закладваюць 1000 тон сіласу.  У гаспадарцы разлічваюць нарыхтаваць гэтых сакавітых кармоў звыш плана.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *