Кукуруза — культура высокарэнтабельная і стратэгічная
На Пухавіччыне пачалі ўбіраць кукурузу на сілас. У раёне трэба ўбраць амаль 10 тысяч гектараў “каралевы палёў”. Ад ураджайнасці гэтай злакавай культуры шмат у чым залежыць паспяховая праца галіны жывёлагадоўлі.
Кукуруза багатая бялкамі і вугляводамі, якія павышаюць малочную прадуктыўнасць дойнага статка. Акрамя таго, кукурузная маса пры выкананні тэхналогіі яе закладкі добра і даволі доўга захоўваецца.
Пра ўсё вышэйсказанае ведаюць у ААТ “Ражджэственскае-Агра”. Таму “каралеве палёў” сёлета ў гаспадарцы надаецца асаблівая ўвага:
у параўнанні з мінулым годам амаль на сто гектараў павялічылі яе пасяўную плошчу. Гэтымі днямі на КВК-800 кукурузу ўбірае Уладзімір Качура.
Першыя ўбраныя гектары парадавалі земляробаў. Сярэдняя ўраджайнасць склала 347 цэнтнераў з гектара. Гэта вынік стараннай працы ўсёй каманды сельгасарганізацыі.
— Нам трэба ўбраць 630 гектараў. У гэтым годзе мы надалі кукурузе шмат увагі. Усё рабілі згодна з тэхналогіяй: пратруцілі насенне, своечасова пасеялі і правялі хімпраполку, падкармілі азотнымі ўдабрэннямі, — расказвае галоўны аграном ААТ “Ражджэственскае-Агра” Ганна Фінская. — “Каралева палёў” асабліва патрабавальная да арганікі. Унеслі каля 30 тысяч тон угнаенняў, таму і атрымліваем добры ўраджай.
У планах гаспадаркі нарыхтаваць не менш за 8 тысяч тон сіласу. Гэтага будзе дастаткова, каб забяспечыць сябе кармамі. Сіласныя траншэі з’явяцца на ўсіх фермах. Тэрміны іх закладкі — 3-4 дні. На трамбоўцы зялёнай масы на “Амкадоры” задзейнічаны Павел Бакіноўскі. Ад яго працы залежыць якасць прыгатаванага корму.
— Самых добрых слоў заслугоўваюць усе нашы работнікі. Яны працуюць у полі ўвесь дзень. Перапынкі толькі на абед, які мы дастаўляем у поле, — працягвае Ганна Фінская. — Вопытнаму Уладзіміру Качуру на ўборцы кукурузы дапамагае пляменнік Вячаслаў Качура на КЗР-10. Малады чалавек першы год працуе ў нас, але ўжо вызначыўся сваёй стараннасцю і адказным стаўленнем да работы.
З поля да траншэй зялёную масу адвозяць вадзіцелі Сяргей Лаўрыненка, Вячаслаў Смаляк і Анатоль Лінючаў, камандзіраваны ў сельгаспрадпрыемства з аўтамабільнага парка №19.
Гэты тыдзень шчодры на дажджы, але, па словах галоўнага агранома, умовы надвор’я не перашкаджаюць уборцы. Наадварот, яны спрыяюць яшчэ адной важнай сельскагаспадарчай кампаніі — пасяўной. У ААТ “Ражджэственскае-Агра” працягваецца сяўба азімых збожжавых культур. Сяўбой займаюцца Сяргей Бункевіч і Максім Вераскоўскі, падрыхтоўкай глебы — Сяргей Ніпарка і Дзмітрый Івашкевіч.
Некалькі месяцаў таму калектыў сельгаспрадпрыемства папоўніў Ігар Івашкевіч. Ён камандзіраваны з УП “Жылцепласэрвіс” КГ і займаецца прасаваннем саломы. Механізатар штодзень перавыконвае норму. На вызваленых ад саломы палях будуць расці новыя культуры.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.