Лепшы ў Пухавіцкім раёне асемянатар працуе на малочнатаварнай ферме “Крыніца” ПСУ “Рудзенскае”
Малочнатаварная ферма “Крыніца” ПСУ “Рудзенскае” ўнітарнага прадпрыемства “Мінскметрабуд” вызначаецца тым, што тут працуе лепшы ў раёне асемянатар Таццяна Моўчан. І наогул, калектыў, якім кіруе загадчыца фермы Алена Вараб’ёва, склаўся працаздольны: аператары машыннага даення Ірына Ніканорава, Алена Блашко, Галіна Крывашэева, Таццяна Равуцкая, Кацярына Ладуцька; жывёлаводы Васіль Мурашка, Андрэй Рагатка; слесар Уладзімір Крывашэеў і іншыя работнікі фермы ставяцца да сваёй працы адказна. У статку, які яны даглядаюць, 354 дойныя каровы. А наогул на ферме ўтрымліваецца 900 галоў буйной рагатай жывёлы розных узростаў. Сярэдні надой вагаецца ў межах 15 літраў у дзень на адну карову. Перад жывёлаводамі стаіць задача дасягнуць паказчыкаў па надоях малака 5 тысяч літраў ад кожнай каровы ў год. І яны лічаць, што гэта магчыма. Галоўнае — забяспечыць належны догляд за жывёлай і ў летні перыяд, і ўзімку.
На МТФ “Крыніца” перайшлі да стойлавага ўтрымання жывёлы. Да гэтага адказнага перыяду рыхтаваліся загадзя.
— На ферме быў зроблены неабходны рамонт, — расказала Алена Вараб’ёва. — Ва ўсіх памяшканнях пабялілі сцены. Прывялі ў парадак вокны. Пафарбавалі трубы. Таксама аднавілі фарбу на рашотках, брамах. Зрабілі неабходны рамонт лініі, па якой жывёлам падаецца вада.
Трэба дадаць, што ферма размешчана ў будынках даўняй пабудовы. Але дзякуючы намаганням тых, хто тут працуе, выглядаюць яны нядрэнна.
Утульныя памяшканні — гэта важна. Але калі ідзе размова аб падрыхтоўцы да зімовага перыяду, у першую чаргу ўвага надаецца стварэнню кармавой базы, якая дае магчымасць забяспечыць збалансаваны рацыён харчавання для жывёлы.
Як падкрэсліла Алена Анатольеўна, у гаспадарцы нарыхтавана дастаткова неабходных кармоў. Жывёлы ўжо пачалі атрымоўваць патаку, якая дадаецца да асноўнага рацыёну ў стойлавы перыяд. Ферма забяспечана ўсёй неабходнай для раздачы кармоў тэхнікай. На гэты час тут зроблена ўсё, што патрэбна для зімовага ўтрымання жывёлы.
Наталля ПАРХОМЧЫК.