Летняе турнэ “Жывіцы”
Для народнага сямейнага ансамбля “Жывіца” Борскага сельскага Дома культуры летнія месяцы гэтага года былі насычаныя мерапрыемствамі абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў і склаліся ў сапраўднае турнэ.
У чэрвені ўдзельнікі інструментальнай групы калектыву прынялі ўдзел у якасці гасцей у Міжнародным фестывалі народнай творчасці “Браслаўскія зарніцы” ў горадзе Браслаў Віцебскай вобласці. Наступным мера-прыемствам стаў Міжнародны фестываль народнай песні і музыкі “Дняпроў-скія галасы ў Дуброўне”. Варта напомніць, што калектыў у мінулым годзе поўным складам прадстаўляў Мінскую вобласць на гэтым форуме і стаў лаўрэатам. Цяпер ансамбль запрасілі як ганаровых гасцей.
Ліпень для “Жывіцы” пачаўся з рэспубліканскага свята “Александрыя збірае сяброў” з удзелам кіраўніка дзяржавы ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна, дзе мы прадстаўлялі Мінскую вобласць. Ансамбль выступаў з сольнай канцэртнай праграмай на малой сцэне, прымаў удзел у цырымоніі адкрыцця свята з удзелам намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігара Петрышэнкі. “Жывіца” прадставіла кампазіцыю “Каляды”, прэм’ера якой адбылася ў Мінску 7 студзеня ў рэспубліканскім канцэрце “Святло каляднай зоркі”.
Значнай падзеяй стаў таксама ўдзел народнага сямейнага ансамбля “Жывіца” як прадстаўніка Пухавіцкага рэгіёна ў рэспубліканскім форуме гарадоў-спадарожнікаў у горадзе Жабінка Брэсцкай вобласці, які адбыўся 23 ліпеня. У рамках дадзенага мерапрыемства таксама адбылося святкаванне Дня славянскага адзінства і Дня горада Жабінка з удзелам творчых калектываў з Беларусі і Расійскай Федэрацыі. “Жывіца” прадставіла гледачам і гасцям горада некалькі канцэртных праграм, а на вячэрнім канцэрце калектыву быў уручаны падзячны ліст старшыні Жабінкаў-скага раённага выканаўчага камітэта.
Юрый КРЫВАШЭЙ, кіраўнік народнага сямейнага ансамбля “Жывіца”.