Лічбы раскажуць пра вынікі ў жывёлагадоўлі

Жывёлавод сельгасфіліяла «Дрычын» Дзмітрый Абакунчык.

Па вытворчасці малака за першы квартал бягучага года перадавыя пазіцыі захавалі ААТ “Голацк”, “Агра-Абярэг” і “Зазерка”.

Лідар па рэалізацыі малака — ААТ “Голацк”. За тры месяцы гаспадарка рэалізавала 19543 цэнтнера малака (117 працэнтаў да мінулага года), за сакавік — 6844 цэнтнера (115 працэнтаў да 2018 года). Больш за 17200 цэнтнераў малака  рэалізавалі ў ААТ “Агра-Абярэг” і “Зазерка”.

Названыя сельгасарганізацыі з’яўляюцца буйнейшымі ў раёне і невыпадкова маюць вялікае пагалоўе буйной рагатай жывёлы.  ААТ “Зазерка” — 5022 галавы (плюс 219 да 2018 года),  ААТ “Агра-Абярэг” — 4800 (плюс 114), ААТ “Голацк” — 4731 (плюс 246). Вядзецца пастаянная работа, накіраваная на павелічэнне колькасці жывёлы ў гаспадарках. Відавочны плюс таксама ў СУП “Дукора-Агра”, сельгасфіліяле “Дрычын”. У параўнанні з мінулым годам на 30 галоў паменшылася колькасць буйной рагатай жывёлы ў ААТ “Ражджэственскае-агра”, “Шацк”, ЭБ “Зазер’е”.

Валавыя прывагі ў раёне з пачатку года склалі 13262 цэнтнера. ААТ “Ражджэственскае-агра”, “Шацк”, “Вецярэвічы”, “Пухавіцкі райаграсэрвіс” і ЭБ “Зазер’е” па гэтым паказчыку спрацавалі з мінусам, але за кошт добрых вынікаў іншых гаспадарак канчатковы вынік атрымаўся станоўчым —106 працэнтаў да 2018 года.

Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы за першы квартал 2019 года склалі 538 грамаў. Лепшага выніку ў раёне дасягнулі ў ААТ “Голацк” — 657 грамаў. Мяжу ў 600 грамаў пераадолелі таксама ў сельгасфіліяле “Дрычын”, ААТ “Агра-Абярэг”, СУП “Дукора-Агра”.

За тры месяцы атрымана 4677  цялят.  За адпаведны перыяд  2018 года  — 4322 галавы.

— Павелічэнне вытворчасці прадукцыі  ідзе за кошт захавання тэхналагічных працэсаў кармлення і ўтрымання жывёлы, — адзначае намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Ярашэнка. — Асаблівая ўвага — кармавой базе. Кармамі гаспадаркі раёна ў цэлым забяспечаны. Некаторыя сельгасарганізацыі нарыхтавалі больш сенажу, некоторыя больш сіласу, таму  вядзецца абмен кармамі. Задача на наступны год —   зрабіць большы запас кармоў.

Па словах спецыялістаў, карміць жывёлу сенажом эканамічна больш выгадна, таму ў гаспадарках працягнецца будаўніцтва сянажна-сіласных траншэй. Пакуль на фермах актыўна будуюць прафілакторыі для ўтрымання маладняку і цялят. Такое памяшканне нядаўна з’явілася на  МТФ “Зацітава Слабада” ААТ “Племянны завод “Індустрыя”. Гэтымі днямі будаўніцтва такіх  памяшканняў вядзецца на МТК “Блонь” і МТФ “Харавічы” СУП “Дукора-Агра”.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *