Лясніцтвы Пухавіцкага раёна пачалі збор бярозавага соку
Вось і пачаўся перыяд вясны, якого заўсёды з нецярпеннем чакаюць многія людзі — час бярозавіку.
— Запланавана сабраць 200 тон гэтага каштоўнага дарунка прыроды, — адзначае намеснік дырэктара Пухавіцкага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Вольга Камароўская. — Па нашых разліках каля 30 тон бярозавага соку спатрэбіцца для рэалізацыі насельніцтву, астатняе будзе адпраўлена на прадпрыемствы рэспублікі, якія займаюцца перапрацоўкай і кансерваваннем.
У нарыхтоўцы карыснага напою прымаюць удзел усе лясніцтвы раёна, таму грамадзяне для набыцця соку могуць звяртацца ў любое з іх.
Кошт для насельніцтва пры набыцці бярозавага соку ў лясніцтвах складае 30 капеек за літр. У Амяльнянскім лясніцтве можна таксама набыць бярозавік у 10-літровых пластыкавых каністрах, якія набыты лясгасам з мэтай больш зручнай для людзей рэалізацыі соку.
Служба лясной аховы нагадвае, што самавольна займацца зборам бярозавага соку без спецыяльнага дазволу органаў лясной гаспадаркі грамадзяне не маюць права, інакш у адпаведнасці з Кодэксам аб адміністратыўных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь парушальнікам пагражае штраф да 20 базавых велічынь. Індывідуальны прадпрымальнік можа заплаціць штраф да 100 базавых велічынь, а памеры штрафа для юрыдычнай асобы могуць дасягаць 500 базавых велічынь.
Андрэй ГЕОРГІЕЎ.