Майстар з аграгарадка Шацк вырабляе незвычайныя кошыкі з лазы

Кошык з лазы…   Раней у вёсцы ён быў прадметам штодзённага ўжытку, а зараз  гэта хутчэй святочны атрыбут у доме: глядзіш на яго, і адразу ўяўляеш пасхальныя  кулічы і  яйкі, прыкрытыя белым абрусам. 

На жаль, уменнем плесці кошыкі і іншыя рэчы з лазы ў нашым  рэгіёне сёння мала хто валодае.  Сярод тых, хто зберагае гэтае рамяство, майстар з аграгарадка Шацк Сяргей Канаплёў.  Яго аўтар-скія кошыкі добра ведаюць у раёне.

Захапленне лозапляценнем да яго прыйшло выпадкова. Як расказаў Сяргей Міхайлавіч, неяк паглядзеў, як пляце кошыкі сусед, паспрабаваў — і, як кажуць у народзе, “падсеў”.

А потым, па яго словах, прыйшло разуменне, што захапленне гэтае перарастае ў нешта большае, паступова выцясняе нават прафесію.  Лозапляценне забірае шмат часу, і, каб сур’ёзна ім займацца, неабходна адмовіцца ад многіх звыклых заняткаў.  Інакш нічога не атрымаецца. Патрэбна было  выбіраць нешта адно. І Сяргей Міхайлавіч выбраў творчасць.  Хаця справа гэта клопатная.

Перад тым, як з рук майстра выйдзе чарговая прыгожая рэч, трэба падрыхтаваць матэрыял. А вось з гэтым ёсць пэўная праблема. Гэта раней лазы вакол нашых населеных пунктаў было шмат. Зараз не так: балоты ў свой час асушылі, а за станам каналаў пастаянна сочаць меліяратары, не дапускаючы там ніякай драўнянай расліннасці. Вось і прыходзіцца Сяргею Міхайлавічу самому  вырошчваць матэрыял для працы. Ён паказаў пітомнік на ўласнай  сядзібе, дзе расце лаза нейкага амерыканскага гатунку:  калегі падзяліліся.  Майстар растлумачыў, што гэта пасадачны матэрыял. У пэўны час ён чаранкуе доўгія сцябліны і высаджвае своеасаблівыя плантацыі ў прыдатных для  такой расліны месцах.  Так і атрымлівае  матэрыял для сваіх вырабаў.

Цікава: сорт лазы адзін і той жа, і расце яна ў адных і тых жа мясцінах, а колер пруткоў пасля канчатковай апрацоўкі   розны:  адны з іх светлыя, другія — цёмныя, адны з  залацістымі блікамі, а другія — з ружовымі. Сяргей Міхайлавіч патлумачыў, што залежыць гэта ад таго, калі і як быў нарыхтаваны матэрыял.

Разглядаючы кошыкі, якія зараз ёсць у Сяргея Канаплёва, я не пабачыла  там аднолькавых ні па  колеры, ні па форме. Хаця і невялікія, але былі адрозненні. І ў гэтым таксама каштоўнасць вырабаў сапраўдных мастакоў.

Размаўляючы пра штучнасць вырабаў, Сяргей Міхайлавіч завёў размову  і  пра тое, што за мяжой прыдумалі машыну, якая пляце кошыкі з пластмасавых пруткоў.  Такім чынам можна задаволіць шырокі попыт. Але масавая вы-творчасць і штучныя вырабы з натуральных матэрыялаў — вялікая розніца. У першым выпадку задавальняецца попыт на нейкія функцыянальныя рэчы, у другім — яшчэ і на сапраўдную прыгажосць. Менавіта таму прыязджаюць да Сяргея Канаплёва пакупнікі з розных мясцін, бо паўтарыць тое, што робіць ён і іншыя майстры, не можа ні адна машына.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *