Маладых спецыялістаў аб’яднаў абласны форум
Маладыя спецыялісты Міншчыны, якія працуюць у аграрна-прамысловым комплексе, нядаўна сустрэліся на абласным форуме. Наш раён прадстаўлялі галоўны заатэхнік СУП “Дукора-Агра” Дзмітрый Шынкарэнка і інжынеры ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” Антон Самойлаў і Антон Сямёнаў.
Удзельнікаў форума вітаў старшыня Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода. Асаблівую ўвагу арганізатары форума звярнулі на пытанні прававой і сацыяльна-эканамічнай абароны маладых спецыялістаў. Выступленне прававога інспектара працы было карысным для ўсіх прысутных.
— Нам расказалі пра дапамогу, на якую мы як маладыя спецыялісты можам разлічваць з боку дзяржавы. Таксама мне было цікава паслухаць лекцыю псіхолага пра тое, як спраўляцца з эмоцыямі і стрэсам падчас прафесійнай дзейнасці, — расказаў Дзмітрый Шынкарэнка. — Форум — гэта яшчэ і добрая магчымасць пазнаёміцца з калегамі з іншых рэгіёнаў, якой мы ўсе таксама скарысталіся.
Галоўным заатэхнікам у СУП “Дукора-Агра” Дзмітрый працуе з 2017 года. Звязаць будучыню з сельскай гаспадаркай ён вырашыў невыпадкова: на радзіме ў Хойніках сям’я заўсёды трымала гаспадарку. Працу ў галіне жывёлагадоўлі малады чалавек яскрава бачыў па прыкладзе маці, якая ў свой час была і брыгадзірам фермы, і заатэхнікам.
Спачатку Дзіма вучыўся ў Рэчыцкім аграрным каледжы. Пасля паступіў у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, на трэцім курсе ў ліку лепшых студэнтаў ездзіў на чатыры месяцы на стажыроўку ў Германію.
— Сельская гаспадарка — галіна, дзе часта працоўны дзень не абмяжоўваецца канкрэтнымі межамі. Усе мы ведалі, куды ішлі і што нас чакае, таму скардзіцца на працу я не люблю, — гаворыць Дзмітрый.
Пасля заканчэння афіцыйнай часткі форума ўсе ўдзельнікі пабывалі на экскурсіі на “Лініі Сталіна”.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.