Марына Граблюк — лепшы аператар машыннага даення ААТ “Агра-Абярэг”
Марына Граблюк — лепшы аператар машыннага даення ААТ “Агра-Абярэг”. У мінулым годзе надой на карову ў яе групе склаў 8617 кілаграмаў малака. Такой вяршыні жанчына дасягнула ўсяго за паўтара года працы на МТФ “Грэбень”. Важна падкрэсліць, што дагэтуль у жывёлагадоўлі Марына Васільеўна ніколі не працавала.
— У прафесію мяне прывяла сястра мужа Наталля Жыцько. Яна ж дзялілася са мной прафесійнымі сакрэтамі. Спачатку было страшна нават падыходзіць да жывёлы, бо, прызнаюся, ніколі не бачыла сябе аператарам машыннага даення, — расказвае субяседніца. — Паступова прывыкла. У гэтай прафесіі недастаткова толькі ведання тэхналогіі даення. Да рагуль патрэбны асабісты падыход, праца патрабуе стараннасці і ўвагі.
Цікавы той факт, што Наталля Жыцько занесена на раённую Дошку гонару па выніках працы за 2017 год. Марына Граблюк не падвяла сваю настаўніцу: аказалася лепшай па выніках 2018 года.
— Такой навіны ніхто не чакаў. З кожным літрам малака, якія паступова перарасталі ў тоны, з’яўляўся азарт. Ён застаўся і цяпер. Хочацца надаіць яшчэ болей, бо ўсе ўмовы ў гаспадарцы для гэтага ёсць, — працягвае Марына Граблюк. — Цяпер у маёй групе 52 каровы. Буду імкнуцца і надалей заставацца на перадавых пазіцыях.
Быць у перадавіках прадстаўнікам сям’і Граблюк не ўпершыню. У ААТ “Агра-Абярэг”, дзе працуе муж Марыны Васільеўны і яго брат, гэтую дынастыю ведаюць як працавітых і старанных работнікаў. Нямала ўзнагарод мае і свёкар жанчыны Віктар Граблюк, які шмат гадоў працаваў механізатарам.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.