Мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю з дня ўтварэння БССР, адбылося ў раённым цэнтры культуры
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю з дня ўтварэння БССР, адбылося 15 студзеня ў раённым цэнтры культуры. Удзел у ім прынялі ветэраны, члены грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі працоўных калектываў раёна, ваеннаслужачыя, школьнікі.
У фае раённага цэнтра культуры ўдзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць пазнаёміцца з некалькімі тэматычнымі выставамі. Раённы краязнаўчы музей зрабіў падборку гістарычных дакументаў, кніг, палітыка-адміністрацыйных карт, якія ілюструюць этапы развіцця рэспублікі з моманту яе стварэння. Дырэктар музея Аляксандр Прановіч на аснове прадстаўленых на выставе матэрыялаў прачытаў змястоўную лекцыю.
Экспазіцыю “Піянерская слава” падрыхтаваў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Світанак”. Піянеры расказалі пра гісторыю дзіцячай арганізацыі нашага раёна. Многія дарослыя з цікаўнасцю разглядалі экзэмпляры газет “Пионерская правда” і “Зорька”, слухалі аповед юных экскурсаводаў.
Падчас урачыстасці са словамі віншавання да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Прановіч. Ён падзякаваў за добрасумленную працу ўсім, хто ў розныя часы ствараў і стварае добрую славу і нашага раёна, і нашай рэспублікі.
Ад імя раённай арганізацыі камуністаў са значным юбілеем удзельнікаў мерапрыемства павіншаваў Юрый Шапавалаў. Ён падкрэсліў, што вопыт БССР з’яўляецца актуальным і карысным для сучаснага пакалення беларусаў. У нашай краіны ёсць усё для таго, каб быць квітнеючым краем.
Неад’емнай часткай мерапрыемства стала канцэртная праграма, удзел у якой прымалі і дарослыя артысты, і зусім юныя.
Усё, што адбывалася, — гэта наша гісторыя, і яе мы павінны паважаць. Менавіта такая думка стала лейтматывам мерапрыемства.
Наталля ПАРХОМЧЫК.