Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і намеснік старшыні Савета Рэспублікі ацанілі старт уборачнай кампаніі ў СУП «Дукора-Агра»
У нашым раёне на гэтым тыдні пачынаецца масавая ўборка збожжавых культур. Першыя гектары яравога ячменю ўжо ўбралі і ў СУП “Дукора-Агра”. Ацанілі старт уборачнай кампаніі ў сельгаспрадпрыемстве міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Іван Крупко і намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатоль Ісачанка.
Жніво-2020 дукорскія хлебаробы пачалі з яравога ячменю, які паспеў каля вёскі Падбярэжжа.
— Вясной, а дакладней 17 сакавіка, з гэтага поля мы пачалі сяўбу. Невыпадкова яго першым і ўбіраем. Ячмень радуе ўраджайнасцю: дае 40 цэнтнераў з гектара, — расказвае дырэктар Аляксандр Славікоўскі. — На полі працуе тры камбайны. Яшчэ тры экіпажы заканчваюць убіраць азімы рапс. Гэтая культура дала ўраджайнасць 32 цэнтнеры з гектара, што практычна ў два разы больш, чым летась.
У ліку першых на ўборку ўраджаю на “Лексіёне” выехаў старшы камбайнер Павел Абакунчык, перадавік гаспадаркі мінулага года. Сёлета ён працуе з памочнікам Андрэем Максімчыкам.
Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Ісачанка пацікавіўся ў механізатараў, як ішла падрыхтоўка тэхнікі да ўборачнай, а стан камбайна ацаніў з кабіны: Анатоль Міхайлавіч праехаў па полі разам з камбайнерам.
Заўтра ў гаспадарцы плануюць правесці “Зажынкі” і ўсе сілы накіраваць на ўборку ўраджаю. Пасяўныя плошчы зерневых і зернебабовых культур у СУП “Дукора-Агра” складаюць 2320 гектараў. Нагрузка на камбайн — 387 гектараў. У гэтым годзе ўбіраць хлеб дукорскім працаўнікам дапамагаюць шэфы — работнікі арганізацыі ААТ “Машхарчпрад”.
Дукорскім хлебаробам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Іван Крупко і намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатоль Ісачанка пажадалі высокіх намалотаў і добрага ўраджаю. Старшыня Пухавіцкага райвыканкама Віктар Каляда расказаў, як будзе праходзіць жніво ў гаспадарках раёна.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.