МТФ «Ленінск» названа ў ліку чатырох пераможцаў абласнога спаборніцтва

Загадчыца МТФ «Ленінск» Вікторыя Жылінская.

Добрую навіну нядаўна атрымаў калектыў  ААТАграАбярэг”. Малочнатаварная ферма  “Ленінск” стала пераможцам абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці малака.

— Гэтае  спаборніцтва  праводзіцца  ўпершыню.   Яго ініцыіравалі абласны камітэт  Беларускага прафсаюза работнікаў АПК і камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні  Мінаблвыканкама, — расказвае  старшыня  райкама прафсаюза  работнікаў  АПК  Анастасія Арахоўская. — Вынікі падводзяцца кожны квартал. Пераможцы вызначаюцца па чатырох намінацыях.  МТФ “Ленінск” заняла першае месца сярод малочнатаварных ферм з  прадуктыўнасцю малочнага статку ад 5501 кілаграма да 6500 кілаграмаў на адну карову.

Старшыня абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода, Вікторыя Жылінская і дырэктар ААТ «Агра-Абярэг» Пётр Казак.

Жывёлаводаў павіншавалі начальнік упраўлення жывёлагадоўлі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама  Дзмітрый Ягораў і яго калега з Пухавіцкага райвыканкама Сяргей Ярашэнка. Ганаровы дыплом калектыву фермы ўручыў старшыня абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода. Пераможцаў таксама чакае грашовая прэмія ў памеры 45 базавых велічынь.

Трэба адзначыць, што камісія, якая ацэньвала вынікі спаборніцтва, адразу вызначыла для ўдзельнікаў строгія рамкі. Пэўная колькасць пагалоўя, рэалізацыя малака гатункам “экстра” і валавая вытворчасць малака —  удзельнічаць маглі толькі фермы і комплексы, якія адпавядаюць усім крытэрыям.

На МТФ “Ленінск” сёння ўтрымліваецца 411 кароў. Таварнасць малака за першы квартал бягучага года склала 94,3 працэнта (+3,2 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года). Валавая вытворчасць малака —  амаль 687 тон (+115,5 працэнта).  Усё малако  з пачатку года рэалізавалі гатункам “экстра”. Сярэдні надой малака ад каровы за тры месяцы склаў 1675 кілаграмаў (+225 кілаграмаў).

— Вынікі нядрэнныя, але мы можам дасягнуць і  вышэйшага ўзроўню, — упэўнены дырэктар гаспадаркі Пётр Казак, які  заўсёды ставіць перад сабой і перад калектывам больш высокія задачы. — Хачу падзякаваць за працу не толькі калектыву гэтай фермы, але і нашым механізатарам, аграномам, заатэхнікам. У плане тэхналогій  мы шмат чаго  дасягнулі. Павінна быць адказнасць  кожнага работніка за сваю работу, і тады складзецца добры вынік. Напрыклад, на гэтай ферме стойлавае ўтрыманне кароў. Многае залежыць ад раздачы кармоў.  Ігар Ладуцька, які працуе на кормараздатчыку, адказна ставіцца да сваёй працы.

Заатэхнік-селекцыянер Галіна Рунец і аператары машыннага даення Ірына Качына, Валянціна Кандрацьева, Алена Шэлег.

На ферме сёння працуюць дваццаць чалавек. Жаночы калектыў аператараў машыннага даення  Валянціны Кандрацьевай, Алены Шэлег, Ірыны Качынай разбаўляе Аляксандр Рунец. Мужчына на ферме каля трыццаці гадоў, прыйшоў адразу пасля школы. Загадчыца Вікторыя Жылінская толькі ў верасні мінулага года ўзначаліла калектыў. У жывёлагадоўлю прыйшла са сферы гандлю. Добра працуюць таксама слесар Анатоль Федарчук, заатэхнік-селекцыянер Галіна Рунец і іншыя.

Слесар Анатоль Федарчук і аператар машыннага даення Аляксандр Рунец.

Работнікі фермы  памятаюць ручную дойку кароў. Аператары машыннага даення адзначылі, што паступовая механізацыя значна аблегчыла ім працу. У 2014 годзе тут ўзвялі малочнатаварны комплекс.Тры гады таму з’явілася новае памяшканне для ўтрымання кароў. У мінулым годзе  пабудавалі гаспадарчым спосабам прафілакторый для цялят на 140 месцаў. Кіраўніцтва гаспадаркі пастаянна клапоціцца аб развіцці жывёлагадоўлі, паляпшэнні ўмоў працы і адпачынку яе працаўнікоў.

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *