На ААТ «Завод горнага воску» прайшла прафілактычная акцыя з удзелам медыкаў
У медсястры медпункта ААТ «Завод горнага воску» Веры Лізурчык кожны працоўны дзень — насычаны. З самай раніцы яна афармляе допуск на змены прыкладна 45 работнікам прадпрыемства, а потым вядзе амбулаторны прыём, займаецца пытаннямі прафілактыкі.
— Нашы работнікі звяртаюцца сюды, калі адчуваюць нейкае недамаганне або калі ёсць неабходнасць выканаць па рэкамендацыі доктара якія-небудзь медыцынскія маніпуляцыі, — расказвае Вера Міхайлаўна. — Гэта зручна, калі ёсць магчымасць у любы момант вымераць тэмпературу, ціск ці зрабіць ін’екцыю, не адрываючыся ад працы. Усё неабходнае для гэтага ў медпункце ёсць.
А з мінулага года, акрамя работнікаў прадпрыемства, у медпункце сталі бываць і госці: завод горнага воску пачаў супрацоўнічаць з Мар’інагорскай ЦРБ у рамках прафілактычнага аздараўленчага праекта. Медыцынскія работнікі правялі тут акцыі па здаровым ладзе жыцця, а таксама клінічныя даследаванні: ЭКГ, аналізы.
— Супрацоўніцтва ў рамках праекта палягчае нашым работнікам працэс праходжання медагляду і, безумоўна, з’яўляецца важным у плане ведаў пра сваё здароўе, — кажа Вера Міхайлаўна. — Вынікі праведзеных даследаванняў былі часам нечаканымі для некаторых людзей. Ім прызначана больш паглыбленае абследаванне. Добра, калі праблема выяўляецца раней, чым заяўляе аб сабе.
У сакавіку работнікі Мар’інагорскай ЦРБ і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі правялі на прадпрыемстве чарговую акцыю па прафілактыцы захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы. Усім жадаючым вымяралі артэрыяльны ціск, вызначалі індэкс масы цела, давалі рэкамендацыі па правільным харчаванні і здаровым ладзе жыцця.
Алена ІВАНОВА.