На кацельні ў вёсцы Габрыелеўка ўсталявалі новы кацёл

Машыніст-качагар Яраслаў Дубіна.

Першыя паўнавартасныя рабочыя дні новага катла, усталяванага на кацельні ў вёсцы Габрыелеўка, выпалі на сапраўдныя хрышчэнскія маразы. Гэты факт непакоіў супрацоўнікаў камунальнага прадпрыемства, але, на шчасце, «абкатка холадам» (работа на поўнай магутнасці) прайшла без праблем.

— Кацельня Габрыелеўкі абслугоўвае жылы фонд (264 кватэры), прыватныя дамы і сацыяльныя аб’екты (магазін, Дом культуры, дзіцячы садок), а таксама прадпрыемствы, размешчаныя тут, — расказвае начальнік вытворчага ўчастка №4 УП «Жылцепласэрвіс» КГ Аляксандр Зыкаў. — Адзін кацёл працаваў на падачу гарачай вады, а другі — на ацяпленне. Рэзервовага катла ў нас раней не было. І найперш па гэтай прычыне было прынята рашэнне аб усталяванні новага катла.

Слесар КІПіА Алег Васілец.

Перад яго ўстаноўкай мы выканалі на кацельні сур’ёзную працу. Быў адрамантаваны і ўцеплены фасад будынка, заменены вокны, праведзены агульнабудаўнічыя работы ўнутры памяшкання. Таксама быў праведзены рамонт дымавой трубы і ўстаноўка палівападачы.

Кацёл магутнасцю 2 МВТ быў выпушчаны на НП «Белкатламаш». Работы па мантажы абсталявання выконвала падрадная арганізацыя «Котлаэнергасэрвіс-БМУ». Кошт падрадных работ склаў 1 мільён 200 рублёў.

— Трэба сказаць, што і ўсяму нашаму калектыву давялося нямала папрацаваць, таму што транспарціроўка такога габарытнага катла ва ўжо пабудаваную кацельню праходзіла вельмі нялёгка, — расказвае Аляксандр Васільевіч. — Але рашэнне было ў рэшце рэшт знойдзена, і кацёл усталяваны. Наладку і пачатковае навучанне нашага персаналу праводзілі падрадчыкі. Безумоўна, аператары даведаліся шмат новага для сябе, таму што абсталяванне сучаснае і працуе ў аўтаматычным рэжыме. Падача дранкі (а кацёл працуе менавіта на ёй) таксама ажыццяўляецца аўтаматычна. Задача аператараў — сачыць за дадзенымі камп’ютара.

Машыніст-качагар Мікалай Верташ.

Дранку для новага катла робяць непасрэдна на тэрыторыі кацельні: ёсць спецыяльная тэхніка для драблення дроў. У звычайны сярэднестатыстычны зімовы дзень для ацяплення вёскі выкарыстоўваецца прыкладна 5-8 кубаметраў дранкі. А вось у маразы, якія ўсталяваліся на некалькі дзён у студзені, кацёл «праглынаў» удвая больш мясцовых відаў паліва, таму што працаваў на поўную магутнасць. І выпрабаванні такімі нагрузкамі паспяхова прайшоў.

Работнікі кацельні спадзяюцца, што праведзеная праца дазволіць больш якасна і надзейна ажыццяўляць цеплазабеспячэнне аб’ектаў жыллёвага фонду і сацкультбыту вёскі Габрыелеўка.

Алена ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *