На Пухавіччыне пачалося будаўніцтва новага буйнога аграпрамысловага комплексу
Чырвоная дарожка ў чыстым полі … Незвычайна, нечакана і вельмі экзатычна, бо напрыканцы яе відаць чырвоныя расцяжкі з кітайскімі іерогліфамі.
З гэтай чырвонай дарожкі пачынаецца гісторыя будаўніцтва на Пухавіччыне новага буйнога аграпрамысловага комплексу. Указ аб будаўніцтве падпісаны Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнка. Згодна з дакументам, на плошчы каля 160 гектараў плануецца пабудаваць заводы па вытворчасці лізіну, трэаніну, трыптафану і камбікармоў, а таксама комплекс збожжасховішчаў, навукова-даследчую лабараторыю і іншыя аб’екты.
Фінансаванне інвестыцыйнага праекта будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя», а таксама за крэдытныя грашовыя сродкі.
Генеральным падрадчыкам выступіць будаўнічая і інжынерная кампанія CITIC Construction, якая ўваходзіць у склад адной з найбуйнейшых дзяржаўных інвестыцыйных карпарацый Кітая CITIC Group. Менавіта гэта кампанія будавала ў Беларусі новы завод «БелДжы», рэканструіравала Аршанскі льнокамбінат.
Вось зараз мне абсалютна зразумела, чаму ўрачыстая цырымонія пачатку будаўнічых работ прайшла пад знакам чырвонага колеру: ён у жыхароў Кітая лічыцца сімвалам росквіту і шчасця. А яшчэ гэта асноўны колер для урачыстасцяў.
— Рэалізацыя праекта мае вялікае значэнне як для развіцця сельскай гаспадаркі, так і для ўмацавання адносін паміж кра-інамі, — сказаў дырэктар БНБК Данііл Урыцкі. — Будучая вытворчасць — гэта яшчэ і новыя працоўныя месцы для жыхароў раёна і вобласці.
Намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэй Крэмень таксама падкрэсліў значнасць праекта і пажадаў рэалізатарам паспяховага яго ажыццяўлення. А яшчэ Андрэй Мікалаевіч уручыў дырэктару БНБК і прадстаўніку генпадраднай будаўнічай кампаніі дазвол райвыканкама на правядзенне падрыхтоўчых будаўнічых работ. Прадстаўнікі падраднай арганізацыі паабяцалі працаваць адказна і якасна.
Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Крэмень і прадстаўнік БНБК Надзея Каткавец адкрылі план будучага аб’екта. Затым усе, хто сабраўся на ўрачыстае мерапрыемства, узялі ў рукі рыдлёўкі і прынялі ўдзел у сімвалічным пачатку будаўніцтва.
Алена ІВАНОВА.