На Пухавіччыне прайшлі чыгрынаўскія чытанні

Падчас сустрэчы: Алена Чыгрынава, Яўген Сушко, Аляксандр Прановіч.

З 1996 года ў нашым раёне ў  снежні  ладзяцца чыгрынаўскія чытанні. На гэты раз яны прайшлі ў мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея і былі  прысвечаны  85-годдзю з дня нараджэння   беларускага пісьменніка  Івана Чыгрынава.

З творчасцю Івана Гаўрылавіча супрацоўнікі музея знаёмяць вучняў школ  і  навучэнцаў  Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Заўсёды прыходзяць на чыгрынаўскія чытанні і члены ветэранскай арганізацыі Мар’інай Горкі. На жаль,  у гэтым годзе  не змагла прыехаць жонка пісьменніка,  Людміла  Прохараўна, але яна перадала падзяку і прывітанне ўсім  прысутным   праз  дачку  Алену.

— Апошнія гады жыцця Івана Чыгрынава былі звязаны з Пухавіцкім краем. Тут ён збіраўся набыць сабе  лецішча, — расказаў  дырэктар  раённага  краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч. — Мне пашанцавала сустрэцца з  Іванам Гаўрылавічам, пабываць у яго рабочым кабінеце. Ён вельмі добра адчуваў і любіў родную  мову.

Падчас сустрэчы  малодшая  дачка пісьменніка Алена падзялілася ўспамінамі  пра  бацьку. Яна расказала, што пісьменнік часта паўтараў: “Вайна — галоўная падзея майго жыцця”. Іван Чыгрынаў сустрэў яе ў 7 гадоў і часта ўспамінаў і расказваў яе эпізоды. Пасля вайны яны выхоўваліся без бацькі. У школу зімой хадзілі па чарзе, бо не хапала абутку. Іван добра вучыўся ва ўніверсітэце, стыпендыю адпраўляў маці, якая гадавала малодшых дзяцей.

— Я памятаю бацьку ўвесь час задуменным. Ён шмат працаваў з дакументамі, сустракаўся з ветэранамі, — расказвала Алена Іванаўна. — Кожную раніцу садзіўся пісаць, а на работу ішоў пасля абеда. Праз свае раманы ён паказаў, як выжываў чалавек у гады акупацыі.

Бацька вельмі любіў  збіраць ягады, грыбы. Самымі любімымі  былі рыжыкі. Ён гатаваў іх вельмі смачна. Аднойчы, калі частаваў былых партызан, ім так спадабалася, што яны казалі: “Іван Гаўрылавіч, мы пад’елі тваіх рыжыкаў і атрымалі такую асалоду, быццам  атрымалі пяць медалёў”.

Яўген Сушко, які працаваў загадчыкам аддзела  культуры райвыканкама, калі Іван Чыгрынаў вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР ад нашага раёна, расказваў:

—  Мне пашчасціла сустракацца з Іванам Гаўрылавічам. Ён быў вельмі ўважлівы да людзей. Аднойчы, калі  мы былі ў мяне на  лецішчы, ён убачыў васількі, якія пасадзіла мая жонка, і не змог схаваць свайго захаплення: “Вось гэта кветкі!  Яны —  душа Беларусі”.

У свой час Іван Чыгрынаў падпісаў Яўгену Аляксандравічу сваю кнігу, якую той зараз  беражліва захоўвае.

Праблемы, якія закранаў пісьменнік у сваіх творах, актуальныя і сёння. Пра гэта сведчыла падчас сустрэчы цікавасць, якую праяўлялі не толькі людзі сталага пакалення, але і моладзь.

Анастасія  ПЛЯТНЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *